Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арыстакра́тыя, ‑і, ж.

1. У класавым грамадстве — вышэйшае саслоўе, прывілеяваны слой пануючага класа, радавая знаць. Зямельная арыстакратыя. □ [Пан Яндрыхоўскі:] У тую залу, якая бачыла цвет польскай арыстакратыі,.. [Дрыль] пусціў чараду мужыцкіх дзяцей. Крапіва. // Прывілеяваная частка якога‑н. класа або якой‑н. сацыяльнай групы. Фінансавая арыстакратыя. □ Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза Пацейкоўскага на «шклянку гарбаты». Колас.

2. Гіст. Форма дзяржаўнага кіравання, пры якой улада знаходзіцца ў руках нешматлікай прывілеяванай групы радавой знаці.

[Грэч. aristokratia — панаванне лепшых.]

арытмі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць арытмічнага.

арытмі́чны, ‑ая, ‑ае.

З парушаным рытмам, нерытмічны; проціл. рытмічны.

[Ад грэч. адмоўя «a» і rythmos — рытм.]

арытмі́я, ‑і, ж.

Парушэнне нармальнага рытму сардэчных скарачэнняў.

арыфме́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Раздзел матэматыкі, які займаецца вывучэннем найпрасцейшых уласцівасцей лікаў і дзеянняў, якія робяцца з імі.

[Грэч. arithmētike.]

арыфметы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арыфметыкі. Арыфметычная прагрэсія. Арыфметычны разлік. Арыфметычнае дзеянне. Сярэдні арыфметычны (лік). Сярэдняя арыфметычная (велічыня).

арыфмо́граф, ‑а, м.

Лічыльная машына для механічнага выканання арыфметычных дзеянняў з аўтаматычным запісам вылічэнняў.

[Ад грэч. arithmos — лік і grapho— пішу.]

арыфмо́метр, ‑а, м.

Настольная лічыльная машына для механічнага выканання чатырох арыфметычных дзеянняў.

[Ад грэч. arithmos — лік і metreo — вымяраю.]

ары́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да арыка.

а́рышт, ‑у, М ‑шце, м.

1. Узяцце пад варту; пазбаўленне волі. Трымаць пад арыштам. Зняць арышт. Пазбегнуць арышту.

2. Забарона распараджацца чым‑н., якая накладаецца судовымі органамі. Арышт маёмасці. Накласці арышт на маёмасць.

•••

Дамашні арышт — знаходжанне пад вартай у сябе дома.

[Ням. Arrest.]