Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сіньёра, ‑ы, ж.

У Італіі — форма ветлівага звароту да жанчыны.

[Іт. signora.]

сі́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

1. Дзеянне паводле, знач. дзеясл. сініць.

2. Сіняя фарба, якая выкарыстоўваецца для падсіньвання бялізны, паперы і пад. Сінька для бялізны. / у вобразным ужыв. Вечар сіньку развёў за акном. Гілевіч.

3. Спец. Афарбаваная ў сіні колер капіравальная папера для размножвання чарцяжоў; чарцёж на такой паперы. Дывінец разгарнуў сіньку — рабочы чарцёж, са здзіўленнем паглядзеў на загатоўкі. Асіпенка.

сіньяры́на, ‑ы, ж.

У Італіі — форма ветлівага звароту да дзяўчыны; паненка.

[Іт. signorina.]

сіню́га, ‑і, ДМ ‑нюзе, ж.

Абл. Сіняватыя кругі пад вачыма. Твар у Метлюга быў азызлы, пад вачыма сінюга, голас сіпаваты. Сабаленка.

сіню́ха, ‑і, ДМ ‑нюсе, ж.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства сінюхавых (выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы). Калі павявае вецер, .. шуміць тады лаза і шапоча падсохлая не скошаная ля кустоў асака, сінюха і трава-елка. Пташнікаў.

2. Тое, што і сінюшнасць.

сіню́хавыя, ‑ых.

Сямейства шматгадовых траў, да якога належаць сінюха, флёкс і пад.

сіню́шнасць, ‑і, ж.

Сіняватая афарбоўка скуры пры некаторых захворваннях, звязаных з расстройствам кровазвароту; цыяноз. А на падушцы спакутаваны твар з яркімі прыкметамі яе [Зосі] хваробы: крыху збляклая ўжо сінюшнасць губ, крыл[аў] носа. Шамякін.

сіню́шны, ‑ая, ‑ае.

Сіняваты, сіні ў выніку расстройства кровазвароту (пра скуру, губы). Сінюшнае адценне скуры твару.

сіня... (гл. сіне...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «сіне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: сіняблузнік, сінявокі, сінякрылы і інш.

сіняблу́знік, ‑а, м.

Уст. Чалавек, які носіць сінюю блузу; рабочы. У гэты момант з аднаго пакоя куляй вылецеў нейкі сіняблузнік і ледзь не збіў з ног Прыстрома. Шынклер.