Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малюпа́сенькі і малюпа́ценькі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і малюсенькі. Недалёка ад кузні працякала малюпасенькая рэчачка Панямонка. Колас. Стаяў малюпаценькі столік, і перад ім ўрос у зямлю новы нефарбаваны ўслончык. Чорны.

малю́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі маленькі. [Люба:] — Фабрыка была малюсенькая, цесная, недзе было павярнуцца. Чорны. Малюсенькая крынічка пакацілася па каналу ў Міранку. Колас.

малю́скавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны дэ малюска, малюскаў. Малюскавыя ракавіны.

малю́скі, ‑аў; адз. малюск, ‑а, м.

Беспазваночныя жывёліны, мяккае цела якіх пакрыта ракавінкамі. Марскія малюскі. Галаваногія малюскі.

[Ад лац. molluscus — мяккі, мяккацелы.]

малю́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Маленькае дзіця. // перан. Аб кім‑, чым‑н. вельмі маленькім (ростам, памерамі). Кніжка-малютка.

малява́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які служыць для размалёўвання. Малявальны трафарэт.

2. Прызначаны для рысавання. Малявальныя алоўкі.

малява́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. маляваць.

2. Прадмет навучання. Урок малявання.

3. Разм. Тое, што намалявана.

малява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Рысаваны. Бажкам не веру маляваным, Што мажуць фарбай маляры. Купала.

2. Пафарбаваны. Дзверы былі толькі прычынены. За імі быў калідорчык з маляванай падлогай. Чорны. Алоўкі з маляванымі кантамі былі вялікім Лаўрыкавым багаццем. Вітка.

малява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да маляваць.

малява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што і без дап.

1. Рысаваць фарбамі. Маляваць партрэт. □ Кожны дзень у час вячэрні Малявалі дзве рукі: Бацька пэндзлем у майстэрні, Сын алоўкам. Мастакі! Галіноўская. Андрэй расчыніў эцюднік, пачаў маляваць. Кандрусевіч.

2. Тое, што і рысаваць. Максім сядзеў нахіліўшыся і задумліва маляваў галінкай на пяску нейкія адмысловыя фігуры. Шамякін. Мама пачала прыбіраць у пакоі, а я маляваў каляровымі алоўкамі самалёт і нашага лётчыка з залатой зорачкай і ордэнамі на грудзях. Бяганская.

3. Разм. Фарбаваць. Маляваць плот. Маляваць падлогу. // Фарбаваць, падводзіць фарбамі твар (губы, бровы, вейкі). Авяліна, паставіўшы перад сабой люстэрка, малявала бровы. Бажко.

4. перан. Расказваць пра што‑н., апісваць што‑н.; уяўляць. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка. Помніце мінулую восень? Як толькі не малявалі яе ў вершах?. І багатая. І залатая. І шчаслівая. І радасная. Грамовіч.