маляваць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што і без дап.

1. Рысаваць фарбамі. Маляваць партрэт. ▪ Кожны дзень у час вячэрні Малявалі дзве рукі: Бацька пэндзлем у майстэрні, Сын алоўкам. Мастакі! Галіноўская. Андрэй расчыніў эцюднік, пачаў маляваць. Кандрусевіч.

2. Тое, што і рысаваць. Максім сядзеў нахіліўшыся і задумліва маляваў галінкай на пяску нейкія адмысловыя фігуры. Шамякін. Мама пачала прыбіраць у пакоі, а я маляваў каляровымі алоўкамі самалёт і нашага лётчыка з залатой зорачкай і ордэнамі на грудзях. Бяганская.

3. Разм. Фарбаваць. Маляваць плот. Маляваць падлогу. // Фарбаваць, падводзіць фарбамі твар (губы, бровы, вейкі). Авяліна, паставіўшы перад сабой люстэрка, малявала бровы. Бажко.

4. перан. Расказваць пра што‑н., апісваць што‑н.; уяўляць. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка. Помніце мінулую восень? Як толькі не малявалі яе ў вершах?. І багатая. І залатая. І шчаслівая. І радасная. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)