Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мальбе́рт, ‑а, М ‑рце, м.

Падстаўка, на якую кладзецца падрамнік з палатном або папера для работы мастака над карцінай. Мастак выбраў зручнае месца каля пуні, устанавіў свой мальберт, разлажыў на мокрай траве раскрыты эцюднік з фарбамі і пэндзлямі. В. Вольскі.

[Ад ням. Malbrett.]

ма́льва, ‑ы, ж.

Высокая дэкаратыўная расліна сямейства мальвавых з вялікімі яркімі кветкамі. Цягнуцца аж пад самае застрэшша цыбатыя мальвы. Вітка. Чырвоныя мальвы выглядалі з .. гародчыкаў перад хатамі. Брыль.

[Лац. malva.]

ма́львавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мальвы. Мальвавыя кветкі.

2. у знач. наз. ма́львавыя, ‑ых. Сямейства раздзельна-пялёсткавых травяністых і дравяністых раслін (мальва, канатнік, кенаф, бавоўна і інш.).

мальва́зія, ‑і, ж.

Сорт ранняга вінаграду. // Салодкае віно з гэтага гатунку вінаграду.

[Іт. malvasia ад назвы горада Мальвазіі ў Грэцыі.]

малько́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да малька, малькоў. Мальковыя сажалкі.

мальто́за, ‑ы, ж.

Спец. Цукрыстае рэчыва, якое атрымліваецца пры ўздзеянні соладу на крухмал; соладавы цукар.

[Англ. maltose ад malt — солад.]

мальтузія́нец, ‑нца, м.

Паслядоўнік мальтузіянства.

мальтузія́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мальтузіянца, мальтузіянства; уласцівы мальтузіянцам. Мальтузіянскі погляд.

мальтузія́нства, ‑а, н.

Рэакцыйная тэорыя народанасельніцтва, створаная буржуазным эканамістам Мальтусам, згодна якой становішча працоўных вызначаецца не сацыяльнымі ўмовамі капіталістычнага ладу, а хуткім ростам колькасці насельніцтва.

малю́нак, ‑нка, м.

1. Карціна, ілюстрацыя; рысунак. Перад вачыма стаяла Масква — такая, якую .. [Паўлік] ведаў па малюнках. Шамякін. Маці купіла ў падарунак Петрусю цікавую кніжку з малюнкамі. Краўчанка. Платон Іванавіч дастаў з этажэркі фізіку і паказаў Колю малюнак рэастата. Якімовіч.

2. перан. Тое, што можна ўявіць сабе ў канкрэтных вобразах. Раз за разам узнікалі і прыгадваліся малюнкі мінулага. Дуброўскі.

3. У літаратуры — славеснае апісанне рэальныя з’яў. Малюнак прыроды.