Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

сіметры́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сіметрычнага. Сіметрычнасць архітэктурных кампазіцый.

сіметры́чны, ‑ая, ‑ае.

Пабудаваны па закону сіметрыі; які мае сіметрыю. Планіроўка дома строга сіметрычная. Цэнтр — вялікая зала, з якой калідорамі можна трапіць у жылыя пакоі. «Помнікі».

сіметры́я, ‑і, ж.

Суразмернае, прапарцыянальнае размяшчэнне частак чаго‑н. у адносінах да цэнтра, сярэдзіны; суразмернасць, прапарцыянальнасць у размяшчэнні чаго‑н. Сіметрыя частак чалавечага цела. □ Два сукаватыя фікусы расстаўлены па кутках, дзеля сіметрыі. Лось.

[Ад грэч. symmetria.]

сімпатызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., каму-чаму.

Адчуваць сімпатыю, адносіцца з сімпатыяй да каго‑, чаго‑н. Я так прызвычаіўся .. да жыхароў хаткі, што пачаў сімпатызаваць ім і нават вітацца з бабулькай. Няхай. Міровіч сімпатызуе Машэку, падаючы яму, як мы ўжо бачылі, вельмі станоўчыя рысы. Сабалеўскі. Жыхары мястэчка сімпатызавалі гімназіі і ганарыліся ёю. У. Калеснік.

сімпаты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сімпатычнага ​1.

сімпаты́чны ​1, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае сімпатыю, прывабны (пра чалавека). На мяне ветліва, з запытальнай усмешкай, глядзіць сімпатычная чарнавокая шатэнка. Шынклер. — Сімпатычныя людзі твае латышы! — адазваўся Павал. Гартны. // Мілы, прыемны. Сімпатычны голас. □ Нешта вельмі шчырае было ў пявучым голасе, у грубаватым, але сімпатычным твары жанчыны. Васілевіч. / Аб прадметах. Сімпатычны гальштук. Сімпатычны дамок.

сімпаты́чны ​2, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы. Сімпатычная нервовая сістэма. Сімпатычны нерв.

2. Які ўзнікае, аддаецца на іншых, блізкіх або сіметрычна размешчаных участках. Сімпатычныя болі ў зубах.

3. Які дае палёгку, аслабленне болю ў хворых (пра нейтральныя лекавыя сродкі). Сімпатычныя сродкі.

•••

Сімпатычнае чарніла гл. чарніла.

[Ад грэч. sympathēs — успрымальны, адчувальны.]

сімпа́тыя, ‑і, ж.

1. Прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Бывае так: убачыш чалавека ўпершыню, толькі двума словамі перакінешся з ім, і ўжо ахапіць цябе гарачая сімпатыя да яго. Новікаў. [Рэгістратар] адчувае да тав. Мінкіна нейкую сімпатыю. Той з ім заўсёды на «ты». Проста з ім гаворыць. Бядуля. // звычайна мн. (сімпа́тыі, ‑ый). Цёплыя, ласкавыя пачуцці, прыязнасць. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Можа, тут маюць месца і нейкія чыста асабістыя сімпатыі і пэўныя заслугі Ваўчка ў аднаўленні МТС. Хадкевіч. Занадта вялікая справа вырашалася, каб звяртаць увагу па свае.. сімпатыі і антыпатыі. Шамякін.

2. Разм. Любімы чалавек. Спаткаў сваю сімпатыю. □ [Вакула:] — У той кватэры.. [Пракаповіч] сімпатыю завёў. Радкевіч.

[Ад грэч. sympatheia — спачуванне.]

сімпо́зіум, ‑а, м.

Нарада па якім‑н. навуковым пытанні (звычайна з удзелам прадстаўнікоў розных краін). Сімпозіум па праблемах паходжання жыцця на Зямлі.

[Ад лац. symposium — баляванне, банкет, бяседа.]

сімптаматало́гія, ‑і, ж.

Тое, што і сімптаматыка.

сімптама́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Вучэнне аб сімптомах захворванняў.