Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сутыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сутыкнуцца (у 1–3 знач.).

2. Датыкацца, дакранацца ўзаемна. [Настаўніца] завяла патэфон, я пачаў выбіраць пласцінкі, рукі нашы ўвесь час сутыкаліся. Лупсякоў.

3. Размяшчацца блізка да чаго‑н.; мець сумежныя бакі; межавацца. [Паліна:] — Пайсці ўскрайкам лугу, што сутыкаўся з полем, значыла выдаць сябе. Кавалёў.

4. Уступаць у якія‑н. адносіны, узаемадзеянне, кантакт з кім‑, чым‑н.; мець справу з кім‑, чым‑н. Важным сродкам узбагачэння слоўнікавага саставу старабеларускай мовы з’явілася запазычванне лексікі з іншых, пераважна суседніх моў, з якімі ў большай ці меншай ступені сутыкалася ў старажытнасці беларуская мова. Жураўскі.

5. Зал. да сутыкаць.

сутыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сутыкнуць.

сутыкне́нне, ‑я, н.

1. Удар, штуршок, які адбываецца пры хуткім збліжэнні двух прадметаў, што рухаюцца насустрач. Прыйдзе такі момант, калі ў нагрэтым газе малекулы будуць вельмі моцна ўдарацца адна аб другую і энергіі сутыкнення будзе дастаткова для адрыву атамаў. «Маладосць».

2. перан. Уступленне ў супярэчнасць з чым‑н. процілеглым, несумяшчальным, а таксама сама супярэчнасць. Сутыкненне інтарэсаў. □ Грамадскія адносіны, якія склаліся ў працэсе сутыкнення мэтанакіраваных дзеянняў людзей, самі становяцца для іх аб’ектыўным фактарам, што не залежыць ад іх волі. «Весці». Байкі Крапівы змяшчаюць у сабе сутыкненні разнастайных характараў. Лужанін.

3. перан. Непасрэдныя зносіны, сувязь, знаёмства з чым‑н. Сутыкненне з рэчаіснасцю. □ Жыццё [касманаўтаў] праходзіла ў пастаянных сутыкненнях сам-насам з чужой і грознай прыродай. Шыцік. Алесь Руневіч сталее з першых дзён свайго сутыкнення з жахлівай рэальнасцю вайны. Юрэвіч. Сутыкненне з беларускай міфалогіяй, якое дало адметны беларускі каларыт раннім вершам паэта, аказалася эпізадычным. Лойка.

4. Вострая спрэчка, сварка на глебе рознагалосся. [Сябры] адчувалі, што з цягам часу такія спрэчкі могуць перарасці ў больш сур’ёзныя сутыкненні, і ўсяляк імкнуліся загладзіць папрокі і кпіны жартам. Ваданосаў. Але скажу вам... што нават і ў закаханых не заўсёды ідзе ўсё гладка, бываюць і нязгоды і сутыкненні. М. Ткачоў.

5. Сутычка, бой. Узброенае сутыкненне. // Пра палітычны канфлікт, класавыя баі. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

сутыкну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сутыкнуць.

сутыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Рухаючыся насустрач, наткнуцца адзін на аднаго, ударыцца адно аб адно. Яшчэ хвіліна — і лодкі сутыкнуцца... Гамолка. На вадзе было многа купальшчыкаў і купальшчыц, і Ксеня кожны раз падказвала Глебу, як абмінуць іх, каб не сутыкнуцца. Васілёнак. Паравозы зрабілі рывок — нібы магутны асілак кракнуў, буферы вагонаў сутыкнуліся. Кавалёў. // перан. Уступіць у канфліктныя адносіны. Тут [на судзе] сутыкнуліся дзве праўды: мужыцкая і панская, і яны выключалі адна адну. Машара. Узвышаны, па сутнасці сваёй рамантычны, ідэал сутыкнуўся з явай непрыгляднай, змрочнай. Навуменка.

2. з кім. Нечакана сустрэцца, сысціся на дарозе. Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку.., [Васіль] сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Мележ. А потым я сустрэў .. [Ірыну] ў магазіне. Сутыкнуўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін. // Уступіць у якія‑н. адносіны, сустрэўшыся, апынуўшыся разам. Сутыкнуцца па рабоце. // перан.; з чым. Спазнаць, зведаць што‑н.; пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуцца з цяжкасцямі. □ Калі прыйшлося самому брацца за справу,.. [Паходня] сутыкнуўся з перашкодамі, што палохалі і бянтэжылі. Хадкевіч. З творчасцю Маякоўскага Танк сутыкнуўся яшчэ ў 1930 годзе ў перакладах на польскую мову. У. Калеснік.

3. Уступіць у сутычку, сысціся ў баі. Яшчэ раніцай тут ішоў бой. Сутыкнуліся дзве сілы. Гурскі. І на другі дзень Пецю не давялося сутыкнуцца з ворагам. Сіняўскі.

4. Зак. да сутыкацца (у 2–4 знач.).

сутыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Пхаючы насустрач, ушчыльную наблізіць адно да аднаго. Шпакевіч укленчыў побач, узяў рукамі абодвух за плечы, нібыта хацеў сутыкнуць. Чыгрынаў. // перан. Паставіць у непрымірымыя адносіны, выклікаць канфлікт, сутыкненне паміж кім‑, чым‑н. Сутыкнуць інтарэсы. □ Аўтар не здолеў так сутыкнуць герояў, паставіць іх у такія абставіны, каб выявілася іх непрымірымасць. Рагойша.

2. з кім. Прывесці да нечаканай сустрэчы, знаёмства з кім‑н. У хуткім часе Рая атрымала прызначэнне, і тут лёс сутыкнуў яе з Арсенем Бірынічам. Хадкевіч. // перан.; з чым. Прывесці да сутыкнення з чым‑н., даць магчымасць пазнаць што‑н., пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуць з цяжкасцямі. □ Аўтар, замацоўваючы пазіцыі сацыялістычнага рэалізму, імкнецца сутыкнуць прывідныя і безгрунтоўныя мары інтэлігента з суровай праўдай жыцця. Кучар.

суты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Кароткі бой, узброенае сутыкненне. Пасля гарачых баявых сутычак з варожымі бандамі .. адбылося незабыўнае спатканне партызан з франтавікамі. Брыль. У сутычцы з казакамі .. [Багушэвіч] быў паранены ў нагу. С. Александровіч. // Пра палітычныя канфлікты, класавыя баі. Беларуская нацыяналістычная буржуазія ў самы разгар рэвалюцыі, у момант вострых класавых сутычак выкарыстоўвала беспартыйнасць у якасці сваёй ідэалагічнай зброі. Івашын. Барацьба выступае ў рамане не як сутычка двух строга размежаваных варожых лагераў, а як складаны, супярэчлівы працэс грамадскага развіцця. Хромчанка. // Бойка, сутыкненне. Сутычка была немінучая, тым болей, што насарогі заўсёды ахвотнікі пабіцца. Маўр. Усе хлапчукі ў навакольных вёсках былі ўпэўнены, што пры сутычках з чужымі .. [Павел] бярэ ў рукі дручок і разбівае ўсім галовы. Кулакоўскі.

2. Спрэчка, сварка, лаянка. [Таня] аналізавала свае адносіны да гэтага чалавека і прыпамінала, як яны складаліся і як прывялі да ўчарашняй сутычкі. Машара. [Мікульскі і Шаблюк] пасля ранішняй сутычкі адчувалі сябе ніякавата. Марціновіч.

3. перан. Сутыкненне чаго‑н. супярэчнага, несумяшчальнага, а таксама сама супярэчнасць. Сутычка інтарэсаў. Сутычка розных тэндэнцый. □ Куды падзелася яно — немаўля, з’яўленне якога на свет адзначана гэткім выбухам страсцей, сутычкай жорсткасці і гуманізму, высакароднасці і нізкасці? Мехаў.

4. Тое, што і сутыкненне (у 1 знач.). Мы мімаволі ўцялі галовы ў плечы, кожную секунду чакаючы або сутычкі, або якога акрабатычнага піруэта. Лынькоў.

сутэнёр, ‑а, м.

Чалавек з дэкласаванага асяроддзя, які жыве на сродкі сваёй палюбоўніцы-прастытуткі.

[Фр. souteneur.]