сутыкнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Рухаючыся насустрач, наткнуцца адзін на аднаго, ударыцца адно аб адно. Яшчэ хвіліна — і лодкі сутыкнуцца... Гамолка. На вадзе было многа купальшчыкаў і купальшчыц, і Ксеня кожны раз падказвала Глебу, як абмінуць іх, каб не сутыкнуцца. Васілёнак. Паравозы зрабілі рывок — нібы магутны асілак кракнуў, буферы вагонаў сутыкнуліся. Кавалёў. // перан. Уступіць у канфліктныя адносіны. Тут [на судзе] сутыкнуліся дзве праўды: мужыцкая і панская, і яны выключалі адна адну. Машара. Узвышаны, па сутнасці сваёй рамантычны, ідэал сутыкнуўся з явай непрыгляднай, змрочнай. Навуменка.
2. з кім. Нечакана сустрэцца, сысціся на дарозе. Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку.., [Васіль] сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Мележ. А потым я сустрэў .. [Ірыну] ў магазіне. Сутыкнуўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін. // Уступіць у якія‑н. адносіны, сустрэўшыся, апынуўшыся разам. Сутыкнуцца па рабоце. // перан.; з чым. Спазнаць, зведаць што‑н.; пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуцца з цяжкасцямі. ▪ Калі прыйшлося самому брацца за справу,.. [Паходня] сутыкнуўся з перашкодамі, што палохалі і бянтэжылі. Хадкевіч. З творчасцю Маякоўскага Танк сутыкнуўся яшчэ ў 1930 годзе ў перакладах на польскую мову. У. Калеснік.
3. Уступіць у сутычку, сысціся ў баі. Яшчэ раніцай тут ішоў бой. Сутыкнуліся дзве сілы. Гурскі. І на другі дзень Пецю не давялося сутыкнуцца з ворагам. Сіняўскі.
4. Зак. да сутыкацца (у 2–4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)