сутычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Кароткі бой, узброенае сутыкненне. Пасля гарачых баявых сутычак з варожымі бандамі .. адбылося незабыўнае спатканне партызан з франтавікамі. Брыль. У сутычцы з казакамі .. [Багушэвіч] быў паранены ў нагу. С. Александровіч. // Пра палітычныя канфлікты, класавыя баі. Беларуская нацыяналістычная буржуазія ў самы разгар рэвалюцыі, у момант вострых класавых сутычак выкарыстоўвала беспартыйнасць у якасці сваёй ідэалагічнай зброі. Івашын. Барацьба выступае ў рамане не як сутычка двух строга размежаваных варожых лагераў, а як складаны, супярэчлівы працэс грамадскага развіцця. Хромчанка. // Бойка, сутыкненне. Сутычка была немінучая, тым болей, што насарогі заўсёды ахвотнікі пабіцца. Маўр. Усе хлапчукі ў навакольных вёсках былі ўпэўнены, што пры сутычках з чужымі .. [Павел] бярэ ў рукі дручок і разбівае ўсім галовы. Кулакоўскі.
2. Спрэчка, сварка, лаянка. [Таня] аналізавала свае адносіны да гэтага чалавека і прыпамінала, як яны складаліся і як прывялі да ўчарашняй сутычкі. Машара. [Мікульскі і Шаблюк] пасля ранішняй сутычкі адчувалі сябе ніякавата. Марціновіч.
3. перан. Сутыкненне чаго‑н. супярэчнага, несумяшчальнага, а таксама сама супярэчнасць. Сутычка інтарэсаў. Сутычка розных тэндэнцый. ▪ Куды падзелася яно — немаўля, з’яўленне якога на свет адзначана гэткім выбухам страсцей, сутычкай жорсткасці і гуманізму, высакароднасці і нізкасці? Мехаў.
4. Тое, што і сутыкненне (у 1 знач.). Мы мімаволі ўцялі галовы ў плечы, кожную секунду чакаючы або сутычкі, або якога акрабатычнага піруэта. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)