Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суня́цца, сунімуся, сунімешся, сунімецца; заг. суніміся; зак.

1. Перастаць шумець, крычаць, плакаць і пад.; супакоіцца. Я захліпаюся — суняцца не магу. Здаецца, нічога на свеце няма смяшнейшага за стрыжаную Кацю. Сяркоў. // Разм. Спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыцца. — Зося, суніміся! Ты ўжо занадта! — устаў са свайго месца Ігнат Цыдзік. Дуброўскі.

2. Спыніцца ў сваім праяўленні; перастаць дзейнічаць. Дождж суняўся. Кашаль суняўся. □ Суняўся бой. Прывал у лесе на гадзіну. Пад’ехала і пошта палявая. Броўка. Ты [Алеся] горка плачаш... Слёзы, слёзы! Калі ж сунімуцца яны?.. Трус. Пад раніцу завіруха сунялася, але бацька не пайшоў на сядзібу. Навуменка. // Прайсці (пра пачуцці), перастаць турбаваць каго‑н. Цяпер трывогі [у Анастасіі Мікалаеўны] крыху суняліся, а радасць не мінае дом. «Работніца і сялянка».

3. Спыніць рух, ход; перастаць рухацца. Нарэшце недзе за мастком машыны нашы павярнулі ўлева і суняліся. Скрыган. Змораны важак, які даганяў .. [ваўкоў] і не мог дагнаць, на момант суняўся пад ялінай. Чорны. // Затрымацца, прыпыніцца (пра ход, цячэнне, развіццё чаго‑н.). Тое, што мы гаворым сёння, — толькі працяг нашае ранейшае спрэчкі, якая, аказваецца, не сунялася, а жыве, набірае сілу. Савіцкі.

суня́ць, суніму, сунімеш, суніме; зак., каго-што.

1. Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець, плакаць і пад.; супакоіць каго‑н. — Садзіся хто дзе!.. — бегае паміж партамі Алена Антонаўка. Толькі ёй цяжка суняць усіх адразу. Жычка. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Нас абавязвае эпоха Суняць шаленцаў лютых, Каб жыць і кроіць цёплы бохан Без атамнай атруты. Панчанка. — Ціха, не вар’яцей, — паспрабаваў суняць .. [Вабейку] Грыняк. Хадкевіч.

2. Стрымаць, спыніць дзеянне, праяўленне чаго‑н. Каб суняць плывуны і зрабіць іх падатлівымі людзям, непадалёку ад ствалоў была пабудавана магутная станцыя замарожвання глебы. Кулакоўскі. [Пятрусь] усё ніяк не мог суняць крыві, што цурком лілася з разбітага кассём носа. Крапіва. А цяпер што? Ні яго [маладога], ні пісьма... Як жа ёй [дзяўчыне] слёзы суняць? Танк. Ранічкай і ў кажушку прабірае — дрыжыкі не можа суняць Кучук, рукі пацірае. Лобан. // перан. Стрымаць, супакоіць (якое‑н. пачуццё, унутраны стан і пад.). Хлопцу трывогі нельга суняць, Нельга суняць: Едзе вяселле — дугі звіняць, Дугі звіняць. Гаўрусёў.

3. Спыніць рух, ход каго‑, чаго‑н.; утрымаць на месцы таго (тое), хто (што) рухаецца. Галілей падаўся пад дзверы, але Пацяроб суняў яго велічным рухам рукі. Зарэцкі. Хмялеўскі праехаў з Андрэем з паўвярсты. Тады папрасіў суняць кабылу. Чарнышэвіч. Па загонах трактар ходзіць, не суняць... На плугах адбіткі месяца гараць. Кляўко. // Затрымаць, прыпыніць ход, цячэнне, развіццё чаго‑н. Там гэтак вясной чаромхі цвітуць І гэтак крыніцы звіняць, Што песні самі з сэрца плывуць І іх нічым не суняць. Кірэенка. Але думка мая імкнецца Да цябе, і яе не суняць. А. Астапенка.