суняцца, сунімуся, сунімешся, сунімецца; заг. суніміся; зак.
1. Перастаць шумець, крычаць, плакаць і пад.; супакоіцца. Я захліпаюся — суняцца не магу. Здаецца, нічога на свеце няма смяшнейшага за стрыжаную Кацю. Сяркоў. // Разм. Спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыцца. — Зося, суніміся! Ты ўжо занадта! — устаў са свайго месца Ігнат Цыдзік. Дуброўскі.
2. Спыніцца ў сваім праяўленні; перастаць дзейнічаць. Дождж суняўся. Кашаль суняўся. ▪ Суняўся бой. Прывал у лесе на гадзіну. Пад’ехала і пошта палявая. Броўка. Ты [Алеся] горка плачаш... Слёзы, слёзы! Калі ж сунімуцца яны?.. Трус. Пад раніцу завіруха сунялася, але бацька не пайшоў на сядзібу. Навуменка. // Прайсці (пра пачуцці), перастаць турбаваць каго‑н. Цяпер трывогі [у Анастасіі Мікалаеўны] крыху суняліся, а радасць не мінае дом. «Работніца і сялянка».
3. Спыніць рух, ход; перастаць рухацца. Нарэшце недзе за мастком машыны нашы павярнулі ўлева і суняліся. Скрыган. Змораны важак, які даганяў .. [ваўкоў] і не мог дагнаць, на момант суняўся пад ялінай. Чорны. // Затрымацца, прыпыніцца (пра ход, цячэнне, развіццё чаго‑н.). Тое, што мы гаворым сёння, — толькі працяг нашае ранейшае спрэчкі, якая, аказваецца, не сунялася, а жыве, набірае сілу. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)