суняць, суніму, сунімеш, суніме; зак., каго-што.
1. Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець, плакаць і пад.; супакоіць каго‑н. — Садзіся хто дзе!.. — бегае паміж партамі Алена Антонаўка. Толькі ёй цяжка суняць усіх адразу. Жычка. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Нас абавязвае эпоха Суняць шаленцаў лютых, Каб жыць і кроіць цёплы бохан Без атамнай атруты. Панчанка. — Ціха, не вар’яцей, — паспрабаваў суняць .. [Вабейку] Грыняк. Хадкевіч.
2. Стрымаць, спыніць дзеянне, праяўленне чаго‑н. Каб суняць плывуны і зрабіць іх падатлівымі людзям, непадалёку ад ствалоў была пабудавана магутная станцыя замарожвання глебы. Кулакоўскі. [Пятрусь] усё ніяк не мог суняць крыві, што цурком лілася з разбітага кассём носа. Крапіва. А цяпер што? Ні яго [маладога], ні пісьма... Як жа ёй [дзяўчыне] слёзы суняць? Танк. Ранічкай і ў кажушку прабірае — дрыжыкі не можа суняць Кучук, рукі пацірае. Лобан. // перан. Стрымаць, супакоіць (якое‑н. пачуццё, унутраны стан і пад.). Хлопцу трывогі нельга суняць, Нельга суняць: Едзе вяселле — дугі звіняць, Дугі звіняць. Гаўрусёў.
3. Спыніць рух, ход каго‑, чаго‑н.; утрымаць на месцы таго (тое), хто (што) рухаецца. Галілей падаўся пад дзверы, але Пацяроб суняў яго велічным рухам рукі. Зарэцкі. Хмялеўскі праехаў з Андрэем з паўвярсты. Тады папрасіў суняць кабылу. Чарнышэвіч. Па загонах трактар ходзіць, не суняць... На плугах адбіткі месяца гараць. Кляўко. // Затрымаць, прыпыніць ход, цячэнне, развіццё чаго‑н. Там гэтак вясной чаромхі цвітуць І гэтак крыніцы звіняць, Што песні самі з сэрца плывуць І іх нічым не суняць. Кірэенка. Але думка мая імкнецца Да цябе, і яе не суняць. А. Астапенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)