Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэваншы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Узяць (браць) рэванш. — [Вораг] намерваецца рэваншыраваць на Дзясне. М. Ткачоў.

рэваншы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто імкнецца ўзяць рэванш; прыхільнік рэваншызму.

рэваншы́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэваншызму і рэваншыстаў, уласцівы ім. Рэваншысцкія планы.

рэве́невы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэвеню, уласцівы яму. Рэвеневы ліст. Рэвеневы пах. // Прыгатаваны з рэвеню. Рэвеневы кісель.

рэве́нь, ‑ю, м.

Род травяністай шматгадовай расліны сямейства грэчкавых з тоўстымі каранямі і вялікім лісцем, маладыя чаранкі якога ўжываюцца ў ежу. // Лякарства, прыгатаванае з каранёў некаторых відаў гэтай расліны.

[Цюрк.]

рэвера́нс, ‑а, м.

Пачцівы паклон з прысяданнем, прыняты ў буржуазна-дваранскім побыце як знак прывітання, падзякі і пад. — Добры дзень, — сказаў Лаўрыновіч, убачыўшы дзяўчынку. Тая адказала і, узяўшы пальчыкамі за спаднічку, зрабіла рэверанс. Лобан. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабіць рэверанс. Чорны. // перан. Перабольшанае выказванне пачцівасці. Асаблівай апекай заходне-беларускія нацыянал-фашысты атулілі інтэлігенцыю. Робячы рэверансы перад ёй, яны прыпісвалі ёй нават першую ролю ў гістарычных, працэсе. У. Калеснік.

[Фр. révérence.]

рэвербера́цыя, ‑і, ж.

Спец. З’ява паступовага затухання гуку ў закрытых памяшканнях пасля спынення дзеяння крыніцы гуку.

[Ад лац. reverbo — адкідваю.]

рэ́верс, ‑а, м.

Спец.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога можна мяняць напрамак руху машыны ў процілеглы бок. Счэпшчык ляскае ручкай аўтасчэпкі, машыніст пераводзіць рэверс, і састаў ідзе назад. Васілёнак.

2. Адваротны бок медаля або манеты.

3. Пісьмовае абавязацельства, якое гарантуе што‑н.

4. У дарэвалюцыйнай арміі — грашовае забеспячэнне, залог, які ўносіць малады афіцэр у палкавую касу пры жаніцьбе.

[Ад лац. reversus — адваротны.]

рэве́рсар і рэве́рсер, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне для пуску ў ход, змены напрамку і хуткасці вярчэння электрычных машын.

[Англ. reverser.]

рэверсі́раванне, ‑я, н.

Спец. Змена напрамку руху рабочых частак машыны на адваротны.