Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

іржа́ і ржа, ‑ы, ж.

1. Чырвона-буры налёт на паверхні жалеза, які ўтвараецца ў выніку акіслення яго ў паветры і ў вадзе. Патапавіч нагнуўся, дастаў з-пад лавы сякеру, пакруціў яе ў руках, сцёр пальцамі лёгкі налёт іржы на лязе і зноў паклаў яе на ранейшае месца. Кулакоўскі. У ценю высокай старой баржы, нагружанай вялізнымі жалезнымі панамі, чырвонымі ад іржы, стаяла вастраносая звычайная лодка. Ракітны. Не чакай, што ржа з гадамі Паесць ланцугі, Што мінуцца сабой самі Нагайкі, штыхі. Купала. // перан. Пра тое, што шкодна, разлагаюча дзейнічае на каго‑, што‑н. Бюракратычная ржа. □ — У камуну мы павінны прыйсці не толькі ў дастатку, але і з чыстымі душамі... А паскрабі іншага мужыка, колькі на ім усялякай іржы... Гурскі.

2. Прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе, якая надае ёй буры колер і спецыфічны прысмак. Мокрыя, брудныя ад балотнай іржы штаны і запырсканая граззю ватоўка Сукенкі пацвярджалі непрыемныя для [гаспадара] навіны. Паслядовіч. Ад берага моцна пахла багавіннем, ракушкамі і балотнай іржою. Мурашка.

3. Жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін, якія з’яўляюцца ў тых месцах, дзе развіваюцца споры паразітных іржаўных грыбкоў.

іржа́васць і ржа́васць, ‑і, ж.

Наяўнасць іржы.

іржаве́ць і ржаве́ць, ‑вее; незак.

Пакрывацца ржой. Усе .. [машыны] былі пастаўлены так, каб не ржавелі і не псаваліся. Колас. Рэйкі цьмяна пабліскваюць, відаць, пачынаюць іржавець, бо цягнікі ходзяць рэдка. Грахоўскі.

іржаві́нне і ржаві́нне, ‑я, н.

Абл. Балота з іржавай вадой. У ржавінні па калені Стаялі, моклі лазнякі. Танк. — А там, дзе ёсць жалезная руда і вада афарбавана ў іржавы колер, то такое балота па-нашаму — іржавінне. В. Вольскі.

іржа́вы і ржа́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты ржой; заржавелы. Іржавы замок. Іржавае жалеза. □ Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў. У сцяну ля акна дробна, часта стукае аканіца і паціху тоненька пішчыць іржавымі завескамі. Галавач. // Які ўтварыўся ад іржы, з іржы. Іржавыя плямы.

2. Бурага колеру ад прымесі вокіслаў жалеза (пра балотную ваду). З незвычайным страхам ступалі немцы ў іржавую ваду, грузнучы па пояс у халодную і слізкую дрыгву. Шамякін. // З такой вадой (пра балота, рэчку). Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. Чорны. Грэбелька раптам перарывалася, далей была густая ржавая твань. Мележ. // Прыпсаваны, які мае колер іржы. Іржавы селядзец. □ Хата сустрэла мяне цішынёй і запусценнем. Непрыбраны стол. Брудныя талеркі. Іржавая рыба ў кансервавых банках. Савіцкі.

3. Разм. Чырвона-буры, колеру ржы. Снарады і бомбы ўсю.. [зямлю] перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды ржавымі выпалінамі. Мележ.

іржа́нне і ржа́нне, ‑я, н.

1. Крык каня, конскі голас. Не чулася ржання каня, рыкання каровы, не рохкалі свінні. Данілевіч. Жарабяты трымаліся каля матак, і калі каторае адставала, матка звала яго доўгім іржаннем. Чарнышэвіч.

2. Разм. Гучны, нястрыманы рогат.

іржаны́ і ржаны́, ‑ая, ‑ое.

Жытні, аржаны. Пахла прэллю са страхі, токам, свежай, нядаўна памалочанай іржаной саломай. Мележ. Над спелым іржаным полем, хаваючы сонца і блакіт неба, павольна паўзла густая хмара. Мыслівец. Люблю я прыволле Шырокіх палёў, Зялёнае мора Ржаных каласоў. Колас.

іржа́ўленне і ржа́ўленне, ‑я, н.

Спец. Стан паводле знач. дзеясл. іржавець; з’яўленне ржы на паверхні чаго‑н. Іржаўленне жалеза.

іржа́ўнік і ржа́ўнік, ‑у, м.

Паразітны грыбок, які развіваецца на раслінах.

іржа́ўныя і ржа́ўныя, ‑ых.

Група паразітных грыбоў, якія развіваюцца на раслінах.