ірдзе́нне і рдзе́нне, ‑я, н.
Чырвань, чырвонае ззянне, гарэнне. Паўстала з ірдзеннем суніц Радзімы зямля. Калачынскі. Я любаваўся прыгажосцю надсвіцязянскай восені — дарогай у залатым тунелі ліп і клёнаў, ірдзеннем рабінавых гронак на фоне свежай, зноў засеянай зямлі. Брыль.
ірдзе́ст і рдзест, ‑у, М ‑сце, м.
Вадзяная кветкавая расліна сямейства (і)рдзеставых з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік.
ірдзе́цца і рдзе́цца, (і)рдзіцца; незак.
Тое, што і ірдзець. Ірдзяцца на дужых суках Крамяныя яблыкі жніўня. Гаўрусёў. Світала, на ўсходзе ярка рдзелася неба, было росна. Кірэйчык.
ірдзе́ць і рдзець, ‑дзее; незак.
Вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець. Ірдзее сцяг чырвоны, Як водбліскі зарніц. Колас. За дрэвамі маленькага парку слаба рдзела вечаровае неба. Савіцкі. // чым. Быць ярка-чырвоным ад чаго‑н. Спелай марошкай ірдзее Скрозь і лагчына і яр. А. Александровіч. / у безас. ужыв. Толькі стала рдзець на ўсходзе.
ірдзі́сты і рдзі́сты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і ірдзяны. Краіна мар і летуценняў, ірдзістых раніц, срэбных рос, дзе гладзь люстраная сінее, азёр і рэк шырокі плёс. Машара.
ірдзя́ны і рдзя́ны, ‑ая, ‑ае.
Чырвоны, пунсовы. Толькі зор агонь ірдзяны Над прасторам зіхаціць. А. Александровіч. Ірдзяны круг сонца, апусціўшыся насупраць амаль не да зямлі, заліваў .. [гліністыя схілы берага] чырвоным святлом. Багдановіч.