іржа́вы і ржа́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты ржой; заржавелы. Іржавы замок. Іржавае жалеза. □ Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў. У сцяну ля акна дробна, часта стукае аканіца і паціху тоненька пішчыць іржавымі завескамі. Галавач. // Які ўтварыўся ад іржы, з іржы. Іржавыя плямы.
2. Бурага колеру ад прымесі вокіслаў жалеза (пра балотную ваду). З незвычайным страхам ступалі немцы ў іржавую ваду, грузнучы па пояс у халодную і слізкую дрыгву. Шамякін. // З такой вадой (пра балота, рэчку). Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. Чорны. Грэбелька раптам перарывалася, далей была густая ржавая твань. Мележ. // Прыпсаваны, які мае колер іржы. Іржавы селядзец. □ Хата сустрэла мяне цішынёй і запусценнем. Непрыбраны стол. Брудныя талеркі. Іржавая рыба ў кансервавых банках. Савіцкі.
3. Разм. Чырвона-буры, колеру ржы. Снарады і бомбы ўсю.. [зямлю] перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды ржавымі выпалінамі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)