іржа і ржа, ‑ы, ж.
1. Чырвона-буры налёт на паверхні жалеза, які ўтвараецца ў выніку акіслення яго ў паветры і ў вадзе. Патапавіч нагнуўся, дастаў з-пад лавы сякеру, пакруціў яе ў руках, сцёр пальцамі лёгкі налёт іржы на лязе і зноў паклаў яе на ранейшае месца. Кулакоўскі. У ценю высокай старой баржы, нагружанай вялізнымі жалезнымі панамі, чырвонымі ад іржы, стаяла вастраносая звычайная лодка. Ракітны. Не чакай, што ржа з гадамі Паесць ланцугі, Што мінуцца сабой самі Нагайкі, штыхі. Купала. // перан. Пра тое, што шкодна, разлагаюча дзейнічае на каго‑, што‑н. Бюракратычная ржа. ▪ — У камуну мы павінны прыйсці не толькі ў дастатку, але і з чыстымі душамі... А паскрабі іншага мужыка, колькі на ім усялякай іржы... Гурскі.
2. Прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе, якая надае ёй буры колер і спецыфічны прысмак. Мокрыя, брудныя ад балотнай іржы штаны і запырсканая граззю ватоўка Сукенкі пацвярджалі непрыемныя для [гаспадара] навіны. Паслядовіч. Ад берага моцна пахла багавіннем, ракушкамі і балотнай іржою. Мурашка.
3. Жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін, якія з’яўляюцца ў тых месцах, дзе развіваюцца споры паразітных іржаўных грыбкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)