Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэч, ‑ы, ж.

1. Усякі неадушаўлёны прадмет. Антось падбег да акна, спінай засланіў разбітую шыбу і азірнуўся, шукаючы вачыма рэч, якая магла б заткнуць адтуліну. Мележ. Палагея бегала вакол вогнішча, збірала розныя непатрэбныя рэчы і галасіла. Шамякін. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

2. мн. (рэ́чы, ‑чаў). Скарб, пажыткі, прадметы асабістага карыстання. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Колас. Тут жа, ля пад’езда, стаяць, відаць, наспех скінутыя рэчы — шафа, ложкі, канапка, крэслы. Дадзіёмаў.

3. Твор літаратуры, мастацтва, навукі і пад. [Купала:] Прызнаюся табе, напісаў новую рэч — драму на вельмі горкую і блізкую мне тэму. Вітка.

4. Факт, з’ява рэчаіснасці, справа. Собіч гаварыў такія рэчы, якіх мы проста не маглі зразумець. Скрыган. [Хлопец] яшчэ толькі вучыўся на слесара, — пра гонар рабочага, пра планы, пра іншыя высокія рэчы мала дбаў. Лось.

5. у знач. вык. Нешта, штосьці, нейкая з’ява, абставіны. Сапраўды, конь такая рэч, што цяперашнім светам вельмі трэба даражыць. Нікановіч. — Але жыццё — дужа складаная рэч. Новікаў. // Штосьці значнае, важнае, каштоўнае. — Во, гэта — рэч! Тысяч пяцьдзесят будзе. Маўр. Дываны? Гэта — рэч. Усходняй казкай вее. Панчанка.

6. мн. (рэ́чы, ‑аў). У філасофіі — аб’ектыўны свет (прадметы, з’явы), які існуе па-за свядомасцю людзей і дзейнічае на гэтую свядомасць.

•••

Вядомая рэч (у знач. пабочн.) — вядома, безумоўна.

Глядзець на рэчы як гл. глядзець.

Дзіўная рэч! — вокліч, які паказвае на моцнае здзіўленне.

Іншая рэч — нешта іншае.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

рэчаві́зм, ‑у, м.

Разм. Прага да набыцця модных, вельмі каштоўных рэчаў.

рэ́чавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэчаў (у 1 знач.). Рэчавае забеспячэнне. // Які служыць для захоўвання, пераносу рэчаў. Рэчавы мяшок.

•••

Рэчавае права гл. права.

Рэчавы доказ гл. доказ.

рэчаі́снасць, ‑і, ж.

1. Тое, што сапраўды існуе; рэальнасць. Тое, аб чым Тапурыя марыў, стала рэчаіснасцю. Самуйлёнак. І гэтая школа, і гэтыя Быганы, аб якіх ён ніколі раней не чуў, уплятаюцца ў яго жыццё, уяўляюцца ў тых няясна прывабных тонах-абрысах, што такія прыгожыя здалёк, але ніколі не супадаюць з рэчаіснасцю. Колас.

2. Аб’ектыўныя ўмовы жыцця людзей. Наша савецкая рэчаіснасць. □ Творы Крапівы білі з гнеўнай сілай па панскай рэчаіснасці. Таўлай.

рэчаі́сны, ‑ая, ‑ае.

Які сапраўды існуе; рэальны. «Усё рэчаіснае разумна», — іранічна падкрэсліў Лабановіч. Колас.

рэ́чанька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Нар.-паэт. Ласк. да рака, рэчка. І дзе на свеце ёсць такая, як Нёман, рэчанька другая? Колас. Цячэ рэчанька, Цячэ быстрая, Скочупераскочу. З нар.

рэ́чачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да рака; маленькая рака. Росіца — рэчачка маленькая, як конаўка. Навуменка. Там невялічкае балотца ёсць, і рэчачка адтуль зачынаецца, малюсенечкая, і злучаецца з другой рэчкай, што ў нас Целяшовым Дубам завецца. Колас.

рэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Нешырокая, невялікая рака. Перайшоўшы зыбкую кладку праз рэчку, дзед пайшоў непрыкметнай сцежкай проста туды, дзе з празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік. Лынькоў. Абросшая вербамі, спакойна цякла рэчка каля самых хат. Колас.

рэ́чыва, ‑а, н.

Тое, з чаго складаецца фізічнае цела; матэрыя. Арганічнае рэчыва. Выбуховае рэчыва.

•••

Абмен рэчываў гл. абмен.

Крытычны стан рэчыва гл. стан.

рэчытаты́ў, ‑тыву, м.

Напеўная размова ў вакальна-музычным творы. Пачуўся голас спевака, які не столькі спяваў, колькі гаварыў рэчытатывам. Грамовіч. // Пра манеру гаварыць нараспеў або пець, напеўна дэкламуючы. І ўрэшце Камар загаварыў. Нават не загаварыў, а нібы заспяваў журліва-тонкім рэчытатывам. Караткевіч.

[Іт. recitativo.]