Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэакцыяне́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да рэакцыянер.

рэа́л 1, ‑а, м.

Даўнейшая іспанская сярэбраная манета.

[Ісп. real.]

рэа́л 2, ‑а, м.

Стол з пахіленай верхняй дошкай, на якую ставіцца каса са шрыфтам для набору.

[Ням. Regal.]

рэалізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэалізаваць.

рэалізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) рэальным; ажыццявіцца (ажыццяўляцца), здзейсніцца (здзяйсняцца). У ідэях і палітыцы Камуністычнай партыі, у тым, як паслядоўна гэтая палітыка рэалізуецца, беларуская паэзія знаходзіць крыніцу творчага натхнення баявога жыццесцвярджальнага пафасу. «Полымя». Старшыня правярае, як рэалізуецца план сённяшняга дня, складзены напярэдадні вечарам. «Беларусь».

2. Перавесціся (пераводзіцца) у грошы (пра каштоўнасці).

3. толькі незак. Зал. да рэалізаваць.

рэалізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

1. Правесці (праводзіць) у жыццё; ажыццявіць (ажыццяўляць), здзейсніць (здзяйсняць). Рэалізаваць планы. Рэалізаваць задумы. □ [Райхенау:] Перад пагрозаю смерці ваша галава пачала інтэнсіўна дзейнічаць. Ну што ж, паспрабуйце рэалізаваць свае планы. Дзейнічайце. Губарэвіч. Адстойваць дабро — значыць раззбройваць зло, вынішчаць яго карэнне і рэцыдывы.. Гэта добра разумее Мікола Маляўка, хоць яшчэ і не поўнасцю рэалізуе свае дэкларацыі. Грахоўскі.

2. Перавесці (пераводзіць) у грошы; прадаць (прадаваць). Рэалізаваць прадукцыю. Рэалізаваць тавар.

рэаліза́цыя, ‑і, ж.

1. Ажыццяўленне, здзяйсненне, правядзенне ў жыццё чаго‑н. Рэалізацыя планаў. Рэалізацыя рашэнняў Пленума ЦК КПСС. Рэалізацыя задум.

2. Перавод каштоўных папер у грошы, продаж якой‑н. маёмасці, тавару. Рэалізацыя прадукцыі.

рэалі́зм, ‑у, м.

1. Творчы метад у літаратуры і мастацтве, які ставіць мэтай праўдзівае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў яе тыповых рысах. Рэалізм Горкага. Рэалізм Коласа. Мастацкі рэалізм.

2. Тэрмін, які неправамерна ўжываўся ў буржуазнай гісторыі філасофіі для абазначэння напрамкаў, процілеглых ідэалізму, а ў сучаснай буржуазнай філасофіі звычайна ўжываецца прадстаўнікамі некаторых плыняў (неарэалізм, крытычны рэалізм) для прыкрыцця іх ідэалістычнай сутнасці.

3. Напрамак у сярэдневяковай схаластычнай філасофіі, які сцвярджаў, што агульныя паняцці папярэднічаюць рэчам і рэальна існуюць незалежна ад іх.

4. Здольнасць цвяроза ацэньваць сапраўдныя ўмовы рэчаіснасці, магчымасці і пад. Рэалізм у планаванні.

•••

Крытычны рэалізм — метад перадавога мастацтва і літаратуры буржуазнага грамадства, для якога характэрна глыбока праўдзівае адлюстраванне жыцця з раскрыццём непераадольных супярэчнасцей буржуазна-памешчыцкага ладу.

Сацыялістычны рэалізм — метад мастацтва і літаратуры, для якога характэрна праўдзівае гістарычна-канкрэтнае адлюстраванне рэчаіснасці ў яе рэвалюцыйным развіцці, барацьба за ўстанаўленне сацыялістычнага грамадскага ладу і камуністычнае выхаванне працоўных.

[Ад лац. realis — сапраўдны.]

рэалізо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Станавіцца рэальным, ажыццяўляцца, здзяйсняцца.

2. Пераводзіцца ў грошы (пра каштоўнасці).

3. Зал. да рэалізоўваць.

рэалізо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Праводзіць у жыццё, ажыццяўляць, здзяйсняць.

2. Пераводзіць у грошы; прадаваць.

рэалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Чалавек, які вызначаецца практычным падыходам да жыцця, цвярозымі адносінамі да рэальных абставін. Убраны кветкамі быў і вялікі патрэт найвыдатнейшага летуценніка і найвялікшага рэаліста — Леніна. Дубоўка.

2. Прадстаўнік рэалізму ў літаратуры, мастацтве. Пісьменнік-рэаліст. Мастак-рэаліст.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — вучань рэальнага вучылішча.

4. Паслядоўнік сярэдневяковага філасофскага рэалізму.