Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

асцяро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

1. Асцярожныя, далікатныя адносіны да каго‑, чаго‑н., выкліканыя бояззю пашкодзіць, патурбаваць. Я трымаў яе [Іру] у абдымках, пяшчотна, з асцярогай, як злоўленую маладую птушку. Пташнікаў. Падсунуўшыся блізка да Зосі, яна [Тэкля] з асцярогаю кранулася яе рукі. Гартны.

2. Ахоўныя меры, якія выкліканы неабходнасцю папярэдзіць непрыемную нечаканасць. Не палілі агнёў, нават цыгаркі і тыя з асцярогай хавалі ў рукаў. Шахавец.

асцяро́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць асцярожлівага.

асцяро́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і асцярожны.

асцяро́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць асцярожнага. Далейшая размова збліжае іх [Лабановіча і Вольгу Віктараўну], рассейвае тое недавер’е і тую асцярожнасць, што замінаюць выяўленню шчырасці і адкрытасці паміж людзьмі, асабліва малазнаёмымі. Колас. Як бы там ні было, ён [Чарпакевіч] ужыў, якую мог, асцярожнасць, каб толькі ўсё абышлося ціха. Чорны.

асцяро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Дзейнічаць з асцярогай, быць асцярожным.

асцяро́жны, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае з аглядкай, асцярогай, імкнецца прадбачыць магчымую непрыемнасць, небяспеку. Выдаў майстар кнігу, Вынасіў сумленна. Асцярожны крытык Пахваліў: — Не дрэнна! Лужанін. У Пракопе сядзеў усё яшчэ стары Пракоп, асцярожны, падазроны, недаверлівы. Колас. // Які робіцца з асцярогаю, так, каб не звярнуць чыёй‑н. увагі, не пашкодзіць што‑н., не патурбаваць каго‑н. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Брыль. // Далікатны, акуратны. Асцярожныя моцныя рукі прытулілі дзяўчынку да гімнасцёркі. Гарбук. Тут [у небе] трэба быць асцярожным: ледзь недагледзіш — і ўспамінай як звалі. Гамолка.