асмо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Тое, што і асмол (у 1 знач.).
асмо́льванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. асмольваць — асмаліць 2.
асмо́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асмаліць 2.
асмо́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па асмолцы.
асму́гласць, ‑і, ж.
Уласцівасць асмуглага. Асмугласць ляжала на.. [Волеччыных] шчоках. Чорны.
асму́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і смуглы. // Абветраны; загарэлы. Сустрэну я мілага, прыгожага свайго, надзену на галаву яму васількова-блакітны вянок, і ўсміхнецца мілы ды пацалуе ў асмуглыя вусны. Каваль. Асмуглыя рукі яе [дзяўчыны] Захінаюць кажушок стары. Глебка.
2. Тое, што і асмужаны (у 2 знач.). Глядзіць [месяц] на дол, на лес асмуглы, Як нейкі дбалы вартаўнік. Колас. І назаўсёды асталася дзесьці і каляіністая сцежка паўз лес, і асмуглае неба, і маці. Чорны.
асму́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад асмужыць.
2. у знач. прым. Туманны, імглісты; пакрыты смугой. Я вельмі люблю.. бялюткія, заснежаныя палі, па-зімоваму асмужанае вячэрняе неба, маўклівыя ў шэрані прысады. Асіпенка. У асмужанай красе Твой бачу, восень, воблік. Панчанка. // Пацямнелы. Месцам каля хлявоў яшчэ прытаіліся кучкі абледзянелага, асмужанага снегу. Крапіва.
3. у знач. прым. Абпалены сонцам; абветраны, загарэлы. На Зосі была зялёная ў чырвоных палосах вязаная кофта, яна пасавала да асмужанага, чарнабровага твару з задуменнымі чорнымі вачыма. Хадкевіч. Пастрыжаны, схуднелы, з асмужаным, пацямнелым тварам, бацька весела расказваў, якую смачную зварылі яны.. бульбу і як здорава елі яе, запіваючы бульбяным жа варам. Мехаў.
асмужы́ць, асмужыць; зак.
1. што. Зацягнуць, накрыць смугою, туманам, інеем і пад.
2. каго-што. Абпаліць, апячы сонцам; абветрыць. Колькі я пражыву, не ведаю. А хацелася б шмат пражыць, Навальніцамі ўсіх і ветрамі Вусны ўдосталь свае асмужыць. Бураўкін. Яе [песню] асмужыць сонцам поўдзень, Асвеціць полюса брыльянт. Танк.