асвіста́ць, асвішчу, асвішчаш, асвішча; зак., каго-што.
Свістам выказаць сваё неўхваленне, асуджэнне, пагарду да каго‑, чаго‑н. Гардыенка спрабаваў апраўдацца, але яго асвісталі. Чарнышэвіч.
асві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асвістаць.
асво́енасць, ‑і, ж.
Ступень асваення чаго‑н. Рэзка адрозніваецца асвоенасць глебавых масіваў на ўзвышшах і ў нізінах. Прырода Беларусі.
асво́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад асвоіць.
асво́іцца, асвоюся, асвоішся, асвоіцца; зак.
Прывыкнуць да незнаёмага асяроддзя, абставін і пад.; адчуць сябе свабодна дзе‑н. На другой ці трэцяй рэпетыцыі, калі Наташа больш-менш асвоілася ў хоры, Ала Міхайлаўна даручыла і ёй запяваць нейкую песню. Краўчанка. Учора Пеця здаваўся маўклівым.. Сёння асвоіўся, пасмялеў. Навуменка.
асво́іць, асвою, асвоіш, асвоіць; зак., што.
1. Навучыцца карыстацца чым‑н., авалодаць чым‑н. Асвоіць новую тэхніку. Асвоіць замежную мову. // Навучыцца вырабляць што‑н. Асвоіць вытворчасць новых станкоў. // Засвоіць, зразумець што‑н. Іван памагаў па матэматыцы — прагрэсіі, лагарыфмы, сінусы і косінусы Міця асвоіў як мае быць. Навуменка.
2. Уключыць у круг сваёй гаспадарчай дзейнасці; абжыць. Асвоіць цалінныя землі. // Выкарыстаць (грошы, сродкі і пад.). Асвоіць фонды. Асвоіць спадчыну. Асвоіць бюджэт.
асво́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. асвойваць — асвоіць.
асво́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да асвоіцца.
2. Зал. да асвойваць.
асво́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асвоіць.
асво́йтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і асвоіцца. [Дзяўчынка] хутка асвойталася, пасмялела і разгаварылася. Сачанка. Пакрысе качкі асвойталіся і пачалі браць ежу з Люсіных рук. Даніленка.