архі...,
1. Прыстаўка са значэннем вышэйшай і найвышэйшай ступені прыкметы, якая названа ў другой частцы слова, напрыклад: архіасцярожны, архінебяспечны, архіхутка, архіправільна, архіапартуністычны, архімодны.
2. Першая частка складаных слоў, якая абазначае старшынствы праваслаўных і каталіцкіх царкоўных званняў: архіепіскап, архімандрыт, архірэй.
[Грэч. archi.]
архібі́скупскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да архібіскупа.
архівазна́ўства, ‑а, н.
Навуковая дысцыпліна, якая вывучае і распрацоўвае тэорыю, методыку, гісторыю і арганізацыю архіўнай справы.
архіва́рыус, ‑а, м.
Супрацоўнік архіва, хавальнік фондаў.
архівасхо́вішча, ‑а, н.
Памяшканне, дзе захоўваецца архіўны матэрыял.
архіві́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спецыяліст па архіўнай справе.
архі́дныя, ‑ых.
Сямейства аднадольных шматгадовых травяністых раслін, да якіх адносяцца архідэі, ятрышнік і пад.
архідыя́кан, ‑а, м.
Старшы дыякан пры мітрапаліце.
архідэ́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да архідэі.