Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аслупяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў нерухомы ад моцнага ўзрушэння; анямелы ад здзіўлення. Скончыўшы чытаць,.. [дзяўчына] нейкі час стаяла ў аслупянелай задуме і раптам прытулілася ілбом да дрэва і заплакала. Чорны. Анежка стаяла, аслупянелая ад нечаканасці, глядзела ўслед Алесю. Броўка.

аслупяне́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. аслупянець. Не відаць было, ці.. [гаспадар] куды гэтак пільна ўзіраецца, ці проста закамянеў у дзіўным аслупяненні. Зарэцкі.

аслупяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Знерухомець ад моцнага ўзрушэння; анямець ад здзіўлення і інш. Раптам Гарпіна схамянулася і ўся аслупянела ад здзіўлення — гэта ж па радыё называлі яе імя, звярталіся да яе! Краўчанка. Усхапіўшыся, ён [Вайцех] сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэдлікі пшаніцы, як толькі маглі. Пташнікаў. На дзядзьку-кухара глядзелі, Як бы яны [дзеці] аслупянелі. Колас.

аслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Добра не пачуць, не разабраць, што сказана. — Дзвесце пудоў? — аж нахіліўся цераз стол Даніла. Ці не аслухаўся ён? Пальчэўскі.

2. Уважліва паслухаць нейкі час; услухацца. Аслухаўшыся,.. [Міхась] кашлянуў яшчэ раз, ужо сумыслу, ізноў па школе пайшоў шум. Колас.

аслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Тое, што і абслухаць. [Шафёр:] — Мы раздзелі малога, урач агледзеў яго, аслухаў. Кулакоўскі.

аслу́хвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да аслухваць.

аслу́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аслухаць.

асля́к, ‑а, м.

1. Дзікі асёл.

2. Тое, што і мул ​1.

асляня́ і аслянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня асла.

асляпі́ць, асляплю, аслепіш, аслепіць; зак., каго-што.

1. Пазбавіць зроку, зрабіць сляпым. // Часова пазбавіць здольнасці бачыць. На ганку.. [Кастуся] адразу асляпіла сонца і гагава ажно закружылася ад чыстага паветра. Галавач. // перан. Зрабіць моцнае ўражанне на каго‑н. Усе гэтыя думкі яскравым святлом пражэктара асвяцілі перад.. [Андрэем] усё жыццё і на нейкі момант асляпілі яго. Галавач.

2. перан. Пазбавіць здольнасці правільна зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Злосць, лютая злосць асляпіла, затуманіла розум. Шамякін. Святло радасці захапіла, асляпіла.. [Аксану]. Кавалёў. / у безас. ужыв. І чаму ёй [Марылі] не ведаць было ў п[а]ру пра Івана, чаму не знайшоўся добры чалавек ды не сказаў ёй гэтага, чаму яе самую асляпіла? Брыль.