Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ма́ршальства, ‑а, н.

Званне, чын маршала.

маршападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які падобны па марш (у 1, 3 знач.), які нагадвае марш. Маршападобны рытм.

маршру́т, ‑а і ‑у, М ‑руце, м.

1. ‑у. Шлях руху (поезда, самалёта, войска і пад.), звычайна намечаны загадзя. [Сяляне:] — У вайсковых людзей дысцыпліна, яны не маглі збочыць з маршрута. Карпюк. Маршрут [турысцкага паходу] быў пракладзены па рэках Палесся, на месцы колішніх партызанскіх лагераў. Шыцік.

2. ‑а. Тое, што і маршрутны поезд (гл. поезд).

[Ням. Marschrute ад фр. marche — хадзьба і route — шлях, дарога.]

маршру́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маршруту, звязаны з маршрутам. Маршрутны ліст. Маршрутныя перавозкі.

•••

Маршрутны поезд гл. поезд.

маршрутыза́цыя, ‑і, ж.

Спец. Арганізацыя грузавых перавозак маршрутнымі паяздамі.

маршча́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і маршчына. Гусіныя лапкі маршчакоў ад вачэй пацягнуліся на скроні. Алешка.

маршчакава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і маршчыністы.

маршчы́на, ‑ы, ж.

Складка, згіб на скуры твару, цела. Мінуў яшчэ адзін суровы год, Яшчэ гусцей укрылі твар маршчыны — Сляды выпрабаванняў і нягод Маіх уласных і маёй краіны. Глебка. Калі горад быў толькі закладзены, стары ледзь не штодня выходзіў за агароды, прыкладваў да ілба перавітую маршчынамі далонь і глядзеў у той бок, дзе пачыналася гэтае незвычайнае будаўніцтва. Кулакоўскі. // перан. Складка, упадзіна, якая ўтварылася на паверхні чаго‑н. Вароны гладзяць ворыва маршчыны, Клубіцца пара ад пластоў зямных... Звонак.

маршчы́ністасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць маршчыністага.

маршчы́ністы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты маршчынамі. Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас. // З тварам, пакрытым маршчынамі. Я сустрэўся з .. [паляўнічымі] амаль пад вечар. Адзін малады, чырванашчокі, другі — сухі, маршчыністы. Кандрусевіч. // перан. Які мае няроўную, пакрытую складкамі паверхню. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя наросты. С. Александровіч.