Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малаўрадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова ўрадлівы. Малаўрадлівая глеба. Малаўрадлівае поле.

малаха́й, ‑я, м.

1. Шапка з шырокімі навушнікамі, падбітая футрам. Стары падняўся, надзеў малахай, развітаўся з усімі за руку. Навуменка.

2. Шырокі кафтан без пояса.

[Ад калм. махла.]

малахі́т, ‑у, М ‑хіце, м.

Мінерал ярка-зялёнага або блакітна-зялёнага колеру, які выкарыстоўваецца для ювелірных і дэкаратыўна-мастацкіх вырабаў або як сыравіна для выплаўкі медзі.

[Ад грэч. malàchē — мальва.]

малахі́тавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да малахіту. Малахітавае радовішча. // Зроблены з малахіту. Малахітавая шкатулка. Малахітавае шкло.

2. Колеру малахіту. Малахітавае плацце.

малахле́бны, ‑ая, ‑ае.

Які дае малы ўраджай збожжа. Малахлебны раён.

малахо́джаны, ‑ая, ‑ае.

Па якім рэдка, мала ходзяць. Пайсці малаходжанай сцежкай.

малаціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не выклікае вялікай цікавасці. Малацікавая гутарка.

2. Малапрывабны, не вельмі прыгожы.

малаці́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да малацьбы; які служыць для малацьбы. Малацільны агрэгат.

малаці́цца, ‑лоціцца; незак.

1. Падвяргацца, паддавацца абмалочванню. Сухое жыта добра малоціцца. □ [Сазон:] — Каб, далібог, гэткія ўсе былі [як Аўдоля], дык у мяне ў брыгадзе, як той кажа, само б і насілася б, і сушылася б, і жалася б, і малацілася б. Ермаловіч.

2. Зал. да малаціць (у 1 знач.).

малаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак.

1. што і без дап. Выкалочваць, выбіваць зерне з каласоў, стручкоў і інш. цапамі, пры дапамозе малатарні ці камбайна. Малаціць ячмень у гумне. Малаціць гарох. □ Тут [на полі] камбайны і жнуць, І малоцяць услед... Журба.

2. перан.; чым, па чым, у што. Разм. Удараць, стукаць. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы. Лынькоў. [Барташэвіч] раз’юшыўся і стаў малаціць нагамі і рукамі куды папала. Карпюк. // каго і без дап. Біць, збіваць, наносячы частыя ўдары. «Біць [маці] будзе, — падумаў Лёня Сокал.. — Як пачне малаціць, дык уцячы не паспееш». Нядзведскі.

3. перан.; што. Разм. Разбіваць, ламаць. Юзік ухапіў дзеравяны малаток і пачаў малаціць вокны. Мурашка. // каго. Забіваць, знішчаць. І пайшлі воіны ў атаку, рынуліся калоць, малаціць цемрашалаў. Бялевіч.

4. перан. Разм. Хутка гаварыць, лапатаць. Пачаў [старшыня гаварыць] ціха, спакойна, а потым як пайшоў, як пайшоў малаціць! Здатны на гаворку! Савіцкі.