малаціць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак.
1. што і без дап. Выкалочваць, выбіваць зерне з каласоў, стручкоў і інш. цапамі, пры дапамозе малатарні ці камбайна. Малаціць ячмень у гумне. Малаціць гарох. ▪ Тут [на полі] камбайны і жнуць, І малоцяць услед... Журба.
2. перан.; чым, па чым, у што. Разм. Удараць, стукаць. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы. Лынькоў. [Барташэвіч] раз’юшыўся і стаў малаціць нагамі і рукамі куды папала. Карпюк. // каго і без дап. Біць, збіваць, наносячы частыя ўдары. «Біць [маці] будзе, — падумаў Лёня Сокал.. — Як пачне малаціць, дык уцячы не паспееш». Нядзведскі.
3. перан.; што. Разм. Разбіваць, ламаць. Юзік ухапіў дзеравяны малаток і пачаў малаціць вокны. Мурашка. // каго. Забіваць, знішчаць. І пайшлі воіны ў атаку, рынуліся калоць, малаціць цемрашалаў. Бялевіч.
4. перан. Разм. Хутка гаварыць, лапатаць. Пачаў [старшыня гаварыць] ціха, спакойна, а потым як пайшоў, як пайшоў малаціць! Здатны на гаворку! Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)