асірыяло́гія, ‑і, ж.
Навука аб мовах, пісьменнасці, культуры і гісторыі Асірыі і Вавілоніі, а таксама сукупнасць навук, якія вывучаюць цывілізацыі, што карысталіся клінапісам.
асістэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Памочнік прафесара, доктара, рэжысёра і г. д.
2. Асоба, якая займае малодшую выкладчыцкую пасаду ў вышэйшых навучальных установах.
[Ад лац. assistens, assistentis — прысутны, памагаты.]
асістэ́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да асістэнт.
асістэ́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да асістэнта. Асістэнцкая пасада. Асістэнцкія абавязкі.
асісці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каму і без дап.
Выконваць абавязкі асістэнта (у 1 знач.). Прыйшла сястра і сказала, што Смірніцкі кліча.. [Ніну] да сябе і яна будзе асісціраваць пры аперацыі. Шахавец.
аскаба́лак, ‑лка, м.
Разм. Кавалак дрэва, абломак чаго‑н., асколак металу. — А кыш-кыш-кыш!.. — шпурляю на курэй аскабалак. — Каршуна няма на вас. Баранавых. Грысь па сваёй гаспадарскай звычцы прынёс у хату некалькі сухіх аскабалкаў. Кулакоўскі. Танк зароў, паехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Гранітныя аскабалкі пырснулі ва ўсе бакі. Лужанін. Марыля схапіла, бутэльку і бразнула яе аб печ. Дробныя аскабалкі шкла зазвінелі па хаце. Корбан. Аскабалкам жалеза.. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.
аскаблі́ць, аскаблю, аскобліш, аскобліць; зак., што.
Абскрэбці, абдзерці, абчысціць. Аскабліць бервяно.
аска́л, ‑у, м.
Тое, што і выскал. — Заходзьце, заходзьце, — мяккім голасам гаварыў Гарастовіч, але Сафрону здавалася, што той сабачы аскал так і застаўся на яго твары. Чарнышэвіч. [Галіна Адамаўна] ўвесь час бачыла гэты зларадны аскал, хоць выраз твару нечаканай госці быў увесь час спачувальны ці абуральна-сур’ёзны. Шамякін.
аска́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аскаліць.
аскалёпак, ‑пка, м.
Разм. Тое, што і аскабалак. У расчыненай грубцы ладна гарэлі хвойных аскалёпкі. Быкаў. / у перан. ужыв. [Сітоў] пасмяяўся з маіх страхаў: «Хведар проста некультурны. Аскалёпак старога Зарэчча». Асіпенка.