Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сіро́пны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сіропу. / у перан. ужыв. Іван Васільевіч перачытваў нудны і сіропны нарыс пра калгаснага пастуха. Шамякін.

сіро́тка, ‑і, ДМ ‑тку, Т ‑ам, м.; ДМ ‑тцы, Т ‑ай (‑аю), ж.; Р мн. ‑так.

Памянш.-ласк. да сірата.

сіро́цкі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сірочы. Гулка сіроцкая песня Па свеце нясецца з трывогай. Купала. На наша сіроцкае шчасце, раніца ле вельмі халодная. С. Александровіч.

•••

Сіроцкая зіма — пра цёплы, маласнежны зімовы час.

сіро́цтва, ‑а, н.

1. Стан сіраты; адсутнасць бацькоў. Вырасці ў сіроцтве. Ранняе сіроцтва. □ Я ўпэўнены: уласнае сіроцтва пацягнула.. [Мікалая Іванавіча] да нас — гэткіх жа сірот. Радкевіч.

2. перан. Адзіноцтва, беспрытульнасць; пачуццё адзіноты. Чым далей адыходзіў.. [Пракоп] ад свайго котлішча, тым з большаю сілаю ахаплялі і наступалі на яго гэтыя халодныя прасторы, сярод якіх вастрэй адчувалася адзінота і сіроцтва на свеце. Колас.

сіро́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сіраты, уласцівы яму (ёй). Ці мала з вачэй нашых слёз пралілося, Слёз горкіх, сірочых, слёз крыўды і мук? Ці мала магіл на палях засталося, Каб новыя рыць? На выгоду каму?.. Гілевіч. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама. Брыль. / у перан. ужыв. Як бацька памрэ — дык і хата Сірочаю стане ў той час. Бялевіч. // перан. Бедны, убогі, мізэрны. Сеўшы ў машыну, я ўзяў з сядзення свой сірочы скрутачак, які падрыхтаваў для Эрны. Ракітны. Жытцо было тоненькае, сірочае, па пяць зернетак у каласку. Лобан.

2. Які праходзіць у адзіноце. Нялёгка ўспамінаць гісторыю сірочага маленства. Грамовіч. // Які адасоблены, знаходзіцца ў адзіноце. Дзед Астап ступіў.. да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце. Лынькоў.

3. Які мае адносіны да апёкі над сіротамі. Сірочы прытулак. □ [Настаўніца:] — Я расла ў сірочым доме... Вітка.

сірта́кі, нескл., м.

Групавы танец па матывах грэчаскіх народных мелодый, тэмп якога ў часе яго выканання паступова пастараецца.

[Грэч. syrtaki.]

сіры́ец,

гл. сірыйцы.

сіры́йка,

гл. сірыйцы.

сіры́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Сірыі, сірыйцаў, які належыць, уласцівы ім. Сірыйскі народ. Сірыйская літаратура.

сіры́йцы, ‑аў; адз. сірыец, ‑рыйца, м.; сірыйка, ‑і, ДМ ‑рыйцы; мн. сірыйкі, ‑рыек; ж.

Народ, які складае асноўную частку насельніцтва Сірыі.