рагано́сец, ‑носца, м.
Разм. Муж, якому здраджвае жонка.
рагата́нне, ‑я, н.
1. Тое, што і рогат.
2. Абл. Іржанне (пра коней). Крыкі гандляроў, смех гуляючых, рагатанне коней, рык гавяды, піск свіней — усё злівалася ў адну шумную басавую ноту. Гартны.
рагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; заг. рагачы; незак.
1. Гучна, нястрымана смяяцца. — Га-га-га! — не ў сілах стрымацца ад смеху, рагатаў на ўвесь голас Ціт Сямёнавіч Дрозд. Краўчанка. Тата казытаўся вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніна на руках... Брыль.
2. Абл. Іржаць (пра коней). А ў хляве рагоча конік, мой пястун! Гурло.
рага́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для перагароджвання доступу куды‑н. у выглядзе некалькіх накрыж збітых калоў, прымацаваных да доўгага бруса. [Людзі] усхапіліся з зямлі, падмялі пад сябе вартавых, .. раскідалі калючыя рагаткі і ў адзін момант зніклі ў густым хмызняку. Лынькоў. // перан.; звычайна мн. (рага́ткі, ‑так). Перашкода, замінка. Рагаткі царскай цэнзуры. Бюракратычныя рагаткі.
2. Рагулька з прывязанай да абодвух яе канцоў гумкай для кідання. Страляць з рагаткі. □ У .. [Кастуся] рагатка ёсць, зручная такая, з жоўтай гумы... Рылько.
3. Палка з развілінай для падтрымання якіх‑н. прадметаў. Падбеглі [мужчыны] бліжэй, убачылі .. кацёл, падвешаны на дзвюх нізкіх рагатках. Кулакоўскі.
4. Уст. Жалезны нашыйнік з доўгімі вастрыямі ўнутры, які надзявалі на шыю каму‑н. як пакаранне за правіннасць.
рагатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да рагатаць (у 1 знач.).
рагато́к, ‑тка, м.
Кароткі, стрыманы рогат (у 1 знач.). З тым жа вясёлым, бесклапотным рагатком [Яўхім] шухнуў у твань. Мележ.
рагату́н, ‑а, м.
Разм. Той, хто любіць смяяцца, рагатаць; смяшлівы чалавек. [Цёця Вера:] — Ну, спаць, рагатуны. А то людзі ўсю ноч разбяруць. Чуеце, вунь як ціха?.. Брыль.
рагату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.
Разм. Жан. да рагатун.
рага́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае рогі. Буйная рагатая жывёла. □ Які вялікі ён [лось], рагаты, Паджары і стрынгаляваты. Колас. Каровы заўсёды ідуць спаважнай цяжкаю ступою, дабрадушна трасучы рагатымі ілбамі. Якімовіч. / у знач. наз. рага́ты, ‑ага, м.; рага́тая, ‑ай, ж. Няма куды рагатаму падзецца. Спужаўся ён, аж дыхаць заняло. Корбан.
2. З выгнутымі вострымі канцамі, падобнымі на рогі. Зоры ў небе чыстым, Вішні каля хаты, За кляновым лістам Маладзік рагаты. Астрэйка. Павесіўшы шапку на рагатую вешалку, што стаяла побач, не распранаючыся, [Юрка] падсеў да дзяўчыны. Карпаў.
3. Разм. Якому здраджвае жонка, абмануты жонкай.
рага́ціна, ‑ы, ж.
1. Старадаўняй воінская зброя ў выглядзе вострага кап’я, насаджанага на кароткае дрэўка. Крыжаносцы секлі ўзброеных дубінамі і рагацінамі .. апалчэнцаў. «Маладосць».
2. Паляўнічая зброя ў выглядзе вострага з абодвух бакоў нажа на доўгім дрэўку. Хадзіць з рагацінай на мядзведзя. □ — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.
3. Разм. Рагуліна. Каля адной бярозы стаяў на дзвюх рагацінах выдзеўбаны з кругляка жалабок. Паўлаў.