раі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які дае многа раёў; які часта раі́цца. Раісты вулей. Раістыя пчолы.
раі́цца, ра́юся, ра́ішся, ра́іцца; незак.
Пытацца, прасіць парады ў каго‑н. Раіцца з настаўнікам. □ У .. [камісара] была каштоўкая прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін. Ружыцкі некалькі разоў бачыўся з войтам, раіўся з асаднікамі, судовымі выканаўцамі. Бажко. // Абменьвацца думкамі; радзіцца. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Колас. Потым піянеры пачалі раіцца між сабой, калі і куды накіравацца па жалуды. Якімовіч.
раі́цца, раі́цца; незак.
1. Утвараць новы рой (пра пчол і падобных да іх насякомых). Дык жа па цэлых днях бабка сядзіць у садку і пільнуе, каб не зляцеў рой. Пчолы цяпер вельмі раяцца, і раі высыпаюцца ледзь не кожны дзень. Баранавых. Стары пчалавод Тодар Юрко дык, як толькі пачыналі раіцца пчолы, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.
2. Лятаць, збірацца роем. Мухі раіліся ля яго гнойных вачэй — конь, небарак, быў сляпы. Чорны. // Кружыцца ў паветры (аб сняжынках). Над полем раіліся сняжынкі.
3. Паяўляцца адразу ў вялікай колькасці (пра думкі, пачуцці, сны і пад.). Пазней, калі .. вочы, стомленыя ўгляданнем у цемру, закрыліся .. павекамі, у галаве пачалі раіцца сны. Галавач. Розныя думкі раіліся ў галаве старога. Лынькоў.
ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.
1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.
2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.
раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.
Збіраць у рой. Раіць пчол.