рачаня́ і рачанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Разм. Дзіцяня рака.
рачкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Разм. Паўзці на карачках, ракам. // Цяжка працаваць сагнуўшыся, не разгінаючыся. Бач, дзень у дзень ад цямна да цямна рачкавала [Маруся] на полі цяжарная, і каб хоць калі паскардзілася, пра крыўду сваю намякнула! Сачанка. У полі садзілі бульбу, рачкавалі ў агародах.., але большасць мужчын і хлопцаў сядзелі без работы. Машара.
ра́чкі, прысл.
Абл. Рачком. За зіму маленькі Максімка вылузаўся са спавіванкі і пачаў рачкі поўзаць па падлозе, а ў сярэдзіне лета і на ножкі стаў. Сабаленка.
рачко́м, прысл.
Стаўшы на рукі і ногі. Бабка не паспела нават і аглянуцца, як Цімка ўжо быў пасярэдзіне лесвіцы, а яшчэ праз хвіліну рачком дабраўся да ганка. Кулакоўскі.
рачні́к, ‑а, м.
Работнік рачнога транспарту. Планы ў рачнікоў вялікія, па рэках трэба перавезці мільёны тон грузаў. Сачанка.
рачны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да ракі. Рачная вада. Рачны бераг. Рачны пясок. □ Вопратка на людзях была мокрая, забруджаная, з прыліпшай да яе зямлёй, торфам, рачным глеем. Шамякін. // Які жыве ў рацэ. Рачная рыба. Рачны акунь.
2. Прызначаны для плавання па рацэ, звязаны з работай на рацэ. Рачны транспарт. Рачны вакзал. Рачны млын.
рачо́к, ‑чка, м.
1. Памянш. да рак 1; невялікі рак 1.
2. звычайна мн. (рачкі́, ‑оў). Агульная назва групы дробных беспазваночных жывёл з класа ракападобных.
рачу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, Р мн. ‑лак; ж.
Памянш.-ласк. да рака; маленькая рака. За горадам да стромкага берагу Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Невялічкая рачулка абгінала крайнюю хату і імкліва несла сваю ваду пад масток на чыгунцы. Федасеенка. Нечакана снег узяўся вадою і нашая Рагазінка — ціхая рачулка-балацянка — да таго расшугалася, што затапіла ўсё балота, аж да самых платоў. Сабаленка.
рачы́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рака 1. Рачыныя вочы.