рахава́цца, раху́юся, раху́ешся, раху́ецца; незак.
Разм.
1. Рабіць грашовыя падлікі, разлікі (звычайна ўзаемныя). — Ты толькі не бойся, я ж не за так цябе прашу. Грошы аддаць пасля магу. — Што мне твае грошы, ты мне паправіш вароты .. — Больш яны не рахаваліся. Чыгрынаў. // Весці ўзаемны ўлік (паслуг, прэтэнзій, крыўд і пад.). — Шмат я вам турбот нарабіў, — першы раз за вечар пачула Насця яго голас — Рахавацца пасля будзем... Паехалі, Насця. Асіпенка.
2. Абменьвацца думкамі; раіцца. — Няма часу нам тут доўга рахавацца, гэта не нарада і не педсавет. Кулакоўскі. — Рахаваліся, Валодзя, з начальнікам будоўлі, — паціскае руку і гаворыць парторг. — Думаем цябе ў брыгадзіры... Мыслівец.
рахава́ць, рахую, рахуеш, рахуе; незак.
Разм.
1. Рабіць разлікі, падлікі. — Ну, як жа, рахубу ад свайго інтэрасу маеш? — запытаўся .. [Кірыла] у Красуцкага. — Ды як вам Сказаць, дзядзька Кірыла, не рахаваў яшчэ. Скрыган.
2. Узважваць, прыкідваць, разлічваць. — Я думаю, таварышы ўпаўнаважаныя, што сёння мы не пойдзем ужо нікуды, а размяркуем нашы сілы, прыкінем, як і што будзем рабіць заўтра, — рахаваў гарбузаваты старшыня Лапухоўскага сельсавета Свірыд Лопух. Сабаленка.
раха́т-луку́м, ‑у, м.
Усходні ласунак з цукру, мукі і крухмалу з арэхамі і міндалем.
[Цюрк.]
рахі́т, ‑у, М ‑хіце, м.
Дзіцячая хвароба, якая характарызуецца парушэннямі ў развіцці касцявой і нервовай сістэм ад няправільнага мінеральнага абмену ў арганізме.
[Ад грэч. rháchis — спінны хрыбет, пазваночнік.]
рахіты́зм, ‑у, м.
Сукупнасць прыкмет рахіту.
рахі́тык, ‑а, м.
Разм. Дзіця, хворае на рахіт.
рахіты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рахіту, рахітыка. Рахітычныя ногі. // Які хварэе на рахіт. Пад раніцу, калі хвалі сталі свінцова-шэрымі, на палубу выбег маленькі рахітычны хлопчык з маршчыністым тварам. Хомчанка.
рахма́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць рахманага. Болесь падабаўся Сільвінаму бацьку сваёй рахманасцю, нейкай хлапечай самавітасцю. Сабаленка.
рахма́нець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца рахманым, рахманейшым. На людзях жа ён адразу мякчэў, рахманеў і гадзіў кожнаму, як ліхой скуле. Сачанка.
рахма́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не баіцца чалавека; спакойны, нязлосны (пра жывёлін, звяроў). [Сястра] паведамляла, што скаціна вельмі рахманая — дзіця можа падаіць, што малако ў яе густое, як масла. Сабаленка. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў .. [каваля] станавіліся рахманыя, .. пакорлівыя. Дубоўка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя, — да пераезду свайго ў пушчу яны доўга жылі ў заапарках. «Беларусь». / у перан. ужыв. Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной. Новікаў. Вецярок такі рахманы, Нібы рунь палёў І травы Прыляцеў ён калыхаць. Жычка.
2. Памяркоўны ў адносінах да іншых; згаворлівы; дабрадушны, лагодны. Сусед мой ціхі быў, рахманы. Лойка. [Мачаха] была вельмі добрая і рахманая, да мяне адносілася як да свайго дзіцяці. В. Вольскі. // Які выяўляе памяркоўнасць, дабрадушнасць; ласкавы. Раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Караткевіч.