рахманы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не баіцца чалавека; спакойны, нязлосны (пра жывёлін, звяроў). [Сястра] паведамляла, што скаціна вельмі рахманая — дзіця можа падаіць, што малако ў яе густое, як масла. Сабаленка. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў .. [каваля] станавіліся рахманыя, .. пакорлівыя. Дубоўка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя, — да пераезду свайго ў пушчу яны доўга жылі ў заапарках. «Беларусь». / у перан. ужыв. Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной. Новікаў. Вецярок такі рахманы, Нібы рунь палёў І травы Прыляцеў ён калыхаць. Жычка.

2. Памяркоўны ў адносінах да іншых; згаворлівы; дабрадушны, лагодны. Сусед мой ціхі быў, рахманы. Лойка. [Мачаха] была вельмі добрая і рахманая, да мяне адносілася як да свайго дзіцяці. В. Вольскі. // Які выяўляе памяркоўнасць, дабрадушнасць; ласкавы. Раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)