Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раўна... (гл. роўна...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «роўна...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: раўнамерны, раўназначны.

раўнабе́драны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дзве роўныя стораны (пра трохвугольнік). Раўнабедраныя трохвугольнікі.

раўнава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Стан спакою, у якім знаходзіцца цела пад уздзеяннем роўных, процілегла накіраваных сіл. Устойлівая раўнавага. Няўстойлівая раўнавага. □ Галінка загойдалася. І, каб утрымацца, захаваць раўнавагу, сарока замахала крыламі. Лынькоў.

2. Устойлівае становішча, устойлівасць. У галаве страшэнна шумела, і .. [Сяргей] баяўся падымацца, каб часам не страціць раўнавагу. Шамякін.

3. перан. Устойлівыя суадносіны паміж чым‑н.; ураўнаважванне адно другім. Раўнавага сіл.

4. перан. Спакой, нармальны стан духоўнага і маральнага жыцця. Вывесці з раўнавагі. □ За два гады Таня павольна прызвычаілася да свайго становішча, асвоілася з горкім лёсам саламянай ўдавы, пабыла жыццёвую раўнавагу. Машара. Ганна напружыла ўсе свае сілы, каб захаваць спакой і раўнавагу. Няхай.

раўнава́жкі, ‑ая, ‑ае.

Аднолькавы з чым‑н. па вазе.

раўнава́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раўнавагі, знаходзіцца ў раўнавазе (у 1 знач.). Раўнаважнае становішча цела.

раўнава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раўнаваць ​1.

раўнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.

1. Быць ці лічыць сябе роўным з кім‑н. [Мікалай:] — А хто з нас лепшы, ён ці я? Ці можна яму са мной раўнавацца? Я — каваль, у мяне як ні круці, то паўвалока зямлі, а ў яго толькі чвэрць.. Ды і так — і па сіле, і па ўсім ... Чарнышэвіч. Не табе, старой, сягоння раўнавацца з намі, Ты сваё ўжо адрабіла, Справімся і самі. Русак.

2. Зал. да раўнаваць ​1.

раўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. што. Рабіць роўным, гладкім, прамым; выраўноўваць. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. Хлопцы лёталі на веласіпедах, ганялі футбол, а я сядзеў і раўнаваў іржавыя цвікі ды складаў дошкі. Савіцкі.

2. каго-што. Лічыць роўным, аднолькавым у якіх‑н. адносінах. Пры ацэнцы ведаў нельга ўсіх раўнаваць.

раўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго і без дап.

Адчуваць, выказваць рэўнасць. Сцяпан успомніў, як у восьмым класе закахаўся ў Кацю Васільчыкаву, жвавую, тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі, і як смешна раўнаваў яе да свайго школьнага сябра Уладзіка, разважлівага і не па гадах сталага хлопца. М. Стральцоў. Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою.. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! Мележ.

раўнадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які аказвае такое самае, аднолькавае з чым‑н. дзеянне. Раўнадзейная сіла. // у знач. наз. раўнадзе́йная, ‑ай, ж. У фізіцы — сіла, якая аказвае на цела механічнае дзеянне, роўнае дзеянню некалькіх сіл.

раўнадзе́нства, ‑а, н.

Час, які бывае двойчы ў год, калі працягласць дня і ночы аднолькавыя. Вясенняе і асенняе раўнадзенства.