Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рак 1, ‑а, м.

Беспазваночная, накрытая панцырам прэснаводная жывёліна класа ракападобных з вялікімі клюшнямі каля галавы і брушкам, якое звычайна называюць шыйкай. Акрамя рыбы, у рэчцы было багата ракаў. Лынькоў. Налавілі рыбы, ракаў, Павячэралі са смакам. Нядзведскі. На бязрыб’і і рак рыба. Прымаўка.

•••

Калі рак свісне — невядома калі або ніколі.

Пазнаць, дзе ракі зімуюць гл. пазнаць.

Паказаць, дзе ракі зімуюць гл. паказаць.

рак 2, ‑а, м.

1. Злаякасная пухліна знешніх або ўнутраных органаў чалавека або жывёлы. Рак страўніка. Рак скуры.

2. Хвароба раслін, пры якой ненатуральна разрастаюцца тканкі, утвараючы нарасці рознай формы і кансістэнцыі. Рак бульбы. Каранёвы рак пладовых дрэў.

ра́ка, ‑і, ДМ ра́цы, ж.

У хрысціянскай царкве — грабніца, у якой захоўваюцца мошчы святых.

рака́, і́, ДМ рацэ́; мн. рэ́кі, рэк; ж.

1. Прыродны вадаём, які пастаянна цячэ па пракладзеным вадой рэчышчы ад вытоку ўніз да вусця. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. Чорны. // перан.; каго-чаго або якая. Вялікая колькасць, няспынны паток чаго‑н. Па .. [вуліцы] плыла людская рака, павольная, але шумная. Шамякін. Людское шчасце палілося бурнаю ракой радасці. Кавалёў.

2. у знач. прысл. рако́й (рако́ю). Няспынным патокам, у вялікай колькасці. Паліліся слёзы ракою. □ І калі пахучыя зярняты У засекі хлынулі ракою, З радасцю ажыўшы элеватар Убачыў на акраіне лясной, як па рэйках да яго ізно[ў] Груз патрэбны везлі цягнікі. Танк.

•••

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі — прывольнае, забяспечанае жыццё.

ра́кавіна, ‑ы, ж.

1. Вонкавае шкілетнае ўтварэнне беспазваночных жывёл у выглядзе вітай, авальнай або створкавай каробкі. Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы Упадзе пясчынка хоць адна, — Жэмчугам патроху робіцца яна! Багдановіч.

2. Назва розных прадметаў, якія сваім знешнім выглядам, формай нагадваюць ракавіну (у 1 знач.). У ракавіне летняй сцэны парку пачалі збірацца музыканты з трубамі. Сабаленка. / Пра некаторыя органы і часткі цела такой формы. Вушная ракавіна. Насавая ракавіна. Ракавіна капыта.

3. Кухоннае або туалетнае прыстасаванне ў выглядзе міскі са злівам пад водаправодным кранам. Тут, у кухні, .. [жанчына] адкрывае кран над белай ракавінай умывальніка. Мікуліч.

4. Спец. Пустата ў метале, бетоне, гіпсе і пад., утвораная пры пераходзе рэчыва з вадкага стану ў цвёрды. Усадачная ракавіна.

ра́кавінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да ракавіна (у 1, 2 знач.); невялікая ракавіна. Разам з каменьчыкамі пясчанае дно акварыума ўсцілаюць малыя і большыя ракавінкі. Брыль.

ра́кавінкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ракавінкі.

2. у знач. наз. ра́кавінкавыя, ‑ых. Атрад беспазваночных жывёлін падкласа ніжэйшых ракападобных.

ра́кавінны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ракавіны; зроблены з ракавіны (ракавін). Ракавінны вапняк. Ракавінная шкатулка.

2. Які мае ракавіну (у 1 знач.). Ракавінныя амёбы.

ра́кавісты, ‑ая, ‑ае.

Спец. Падобны да ракавіны. Ракавісты злом чыгуну.

ра́кавы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рака ​1. Ракавая клюшня. □ Прызнацца, і Міколка з бацькам .. да вялікай радасці дзеда баяўся лазіць і па ракавых пячорах. Лынькоў. // Прыгатаваны з ракаў. Ракавы суп.

ра́кавы 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рака ​2. Ракавая пухліна.

рака́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец. Дарога, якая праходзіць паралельна лініі фронту.

[Фр. rocade.]

рака́дны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Паралельны лініі фронту. Ракадная дарога.