Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. рады, ‑оў; м.

1. Сукупнасць прадметаў або асоб, размешчаных адзін каля аднаго, адзін за адным у адну лінію. Рад акон. Рад дамоў. □ Пушча шырока ўсміхнуўся, паказаўшы два рады белых, як часнок, зубоў. Шчарбатаў. Роўныя рады яшчэ зялёнага, у самым саку, бульбоўніку збягалі ўніз, да поплаву. Марціновіч. // Строй у адну лінію; шарэнга. Васіль быў вышэйшым за сваіх аднагодкаў і ў страі і хадзіў у першым радзе. Якімовіч. // Месцы для сядзення (у тэатры, кіно і пад.), размешчаныя ў адну лінію. На задніх радах зноў пырснулі смехам. Карпаў. Вадзім прысеў ля самых куліс, у трэцім ці чацвёртым радзе. Мехаў.

2. Сукупнасць з’яў, падзей і пад., якія ідуць адно за другім. Рад гадоў. // У матэматыцы — сукупнасць велічынь, размешчаных у пэўнай паслядоўнасці. Бесканечны рад. Геаметрычны рад. Натуральны рад лікаў. // У хіміі — сукупнасць злучэнняў, кожнае з якіх знаходзіцца ў пэўных адносінах да папярэдняга і наступнага. Радыеактыўны рад. Рад урана.

3. (часта ў спалучэнні са словам «цэлы»). Пэўная, звычайна немалая колькасць чаго‑н.; шэраг. Рад пытанняў. Рад экспедыцый. □ Удзельнікі семінара праслухалі рад лекцый па пытаннях эканомікі. «Звязда». З гэтымі дзвюма задачамі звязваецца цэлы рад другіх задач... Колас.

4. толькі мн. (рады́, ‑оў). Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, якой‑н. арганізацыяй; састаў. Служба ў радах Савецкай Арміі. □ Камсамольскі сход атрада прыняў Наташу Янкевіч у рады ленінскага камсамола. Шамякін. У рады народных мсціўцаў атрада ніхто з Рагачова не прайшоў без парады ці ведама Марусі. Брыль.

5. Размешчаныя ў адну лінію на рынку ларкі або прылаўкі для продажу якіх‑н. аднародных тавараў. Малочны рад. □ Каля крамнага рада .. [Рыгора] зацікавіла грамадка людзей. Гартны. У мясным радзе на круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // толькі мн. (рады́, ‑оў). Месца рознічнага гандлю ў крытых памяшканнях, размешчаных лініямі; самі гэтыя памяшканні. Гандлёвыя рады.

6. Прабор у валасах. Прамы рад. □ Праз акно з канторы паказала галаву з расчэсанымі на рад валасамі Шура. Пташнікаў.

7. Абл. Пракос. Варочаць рады сена. □ [Каса] смачна, нават з нейкім сыканнем, .. валіла роўны і прыгожы рад. Сабаленка.

•••

Гады ў рады гл. год.

У першых радах — уперадзе ўсіх, першым.

рад 2,

гл. рады.

рад 3, ‑а, М ‑дзе, м.

Адзінка паглынутай энергіі радыеактыўнага выпраменьвання.

ра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Парада, навучанне, як паступіць, як зрабіць. Рабочыя адзін у аднаго пыталі рады, што рабіць. Сабаленка. Хочаш раду, ваявода, дам — бяжы. Дзяргай. Адзін успомніць гэта, Той прынясе сваё, Але для ўсіх у дзеда Адказ і рада ёсць. Лужанін. // Сродак, паратунак, выйсце. Іншай рады не было, як ісці .. [кавалю] адгэтуль. Чорны.

2. Сумеснае абмеркаванне якіх‑н. пытанняў; нарада. Шум стаіць над лясістай дуброваю. Быццам рада аб нечым ідзе. Купала. Перасоўваліся ад сцяны да сцяны канапы, ложкі, пакуль не займалі месца, ухвалёнае ўсёй сямейнай радай. Мележ.

3. Народны сход, а таксама савет прадстаўнікоў у розныя гістарычныя перыяды на Беларусі, Украіне, у Літве, Польшчы. Выбарная рада. Мясцовая рада. Рада Вялікага княства Літоўскага.

4. Контррэвалюцыйная арганізацыя беларускіх і ўкраінскіх буржуазных нацыяналістаў, якая існавала на Беларусі і Украіне ў 1917–1918 гадах. Беларуская рада.

•••

Даць раду (ы) каму-чаму гл. даць.

З якой рады? — выходзячы з якіх патрабаванняў? Чаму?

Ні да рады, ні да звады — пра каго‑н., хто не мае характэрных індывідуальных якасцей.

Раду радзіць гл. радзіць.

Рады няма гл. няма.

радабо́ддзе, ‑я, н.

Абл.

1. Пра рэдкія пасевы, зараснікі. Атрад памалу падцягваўся да ўскрайку лесу, дзе ў радабоддзі хмызнякоў спыніліся разведчыкі. Дзенісевіч.

2. Пра рэдка сатканую, звязаную і пад. рэч. — Гусцей ніткі кладзі, а то ў цябе нейкае радабоддзе атрымліваецца. Васілевіч.

ра́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; незак.

Адчуваць радасць; праяўляць радасць, быць у радасным, вясёлым настроі. Радавацца поспеху. □ [Лабановіч] радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы. Колас. — Вось гэта сіла! — радаваліся байцы, сочачы за танкамі. Мележ. Горад, напоўнены новым працоўным днём, радаваўся, смяяўся, спяваў. Рылько.

ра́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што і без дап.

Выклікаць радасць, прыносіць радасць. Але ў той жа час Кузняцова радавала тое, што з такім чалавекам можна ісці любой дарогай, нават самай цяжкай... Пташнікаў. [Ад’езд] і радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Тым часам разведка збірала апошнія звесткі. Яны не радавалі. Дзенісевіч. // (у спалучэнні з назоўнікамі «вока», «слых», «сэрца» і пад.). Быць прыемным, даваць асалоду. За імі [праспектамі] ўзрунелыя густа палі Зялёнымі хвалямі радуюць вока. Зарыцкі.

радаві́тасць, ‑і, ж.

Прыналежнасць да старога знатнага роду; знатнасць. Радавітасць продкаў.

радаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Які належыць да старога знатнага роду. Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны-абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза .. на «шклянку гарбаты». Колас.

радавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звычайны, просты, які нічым не вылучаецца сярод іншых. Радавы выпадак. Радавы чытач. □ Камандзір «Міцька» — гэта быў радавы савецкі чалавек, камсамолец з кубанскай станіцы. Брыль. [Асташонак:] — Жыццё ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх — мільёны! Знатных жа — адзінкі. Ваданосаў. // Такі, які не займаецца кіруючай работай. Гаварылі стары майстар, інжынер, радавыя рабочыя. Кавалёў. / у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Партыя. Я — адзін з яе радавых. Танк.

2. Які не належыць да каманднага саставу; не з’яўляецца камандным (пра ваеннаслужачых). Радавы салдат. □ Між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан! Колас. // у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Салдат. [Васіль] прайшоў праз усю вайну. Вырас з радавога да капітана, камандзіра роты. Шамякін. Для ўсіх — і радавых і генералаў — Нялёгкім быў той першы год вайны. Прыходзька.

радавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і радковы. Радавая пасадка бульбы. Радавая веялка.

радавы́ 3, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да роду (у 2 знач.). Спраўляць радавы абрад.

2. Які пераходзіць у адным родзе з пакалення ў пакаленне; спадчынны; родавы. Радавая маёмасць. Радавая прафесія. Радавая спадчына. □ Пальцы [Луцкевіча] ўпрыгожвалі два масіўныя пярсцёнкі: адзін з пячаткай, на якой быў радавы шляхецкі герб «Навіна», на другім — масонскі знак. Машара. Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. Караткевіч.

радавы́ 4, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з грубай ільняной пражы; зрэбны. Радавая тканіна. // Звязаны з апрацоўкай такой пражы і вырабам тканіны з яе. На сход прыйшлі былі Цімох з Лявонам; зайшла Макрына да Атрахіміхі — адносіла пазычанае радавое бёрда ў адзінаццаць з палавінаю пасмаў. Баранавых.

рададэ́ндравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рададэндрана.

рададэ́ндран, ‑а, м.

Вечназялёная расліна сямейства верасовых з буйнымі кветкамі, якая расце ў горных мясцовасцях Еўропы і Азіі. // ‑у. у знач. зб. Зараснікі гэтай расліны.