рад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. рады, ‑оў; м.

1. Сукупнасць прадметаў або асоб, размешчаных адзін каля аднаго, адзін за адным у адну лінію. Рад акон. Рад дамоў. ▪ Пушча шырока ўсміхнуўся, паказаўшы два рады белых, як часнок, зубоў. Шчарбатаў. Роўныя рады яшчэ зялёнага, у самым саку, бульбоўніку збягалі ўніз, да поплаву. Марціновіч. // Строй у адну лінію; шарэнга. Васіль быў вышэйшым за сваіх аднагодкаў і ў страі і хадзіў у першым радзе. Якімовіч. // Месцы для сядзення (у тэатры, кіно і пад.), размешчаныя ў адну лінію. На задніх радах зноў пырснулі смехам. Карпаў. Вадзім прысеў ля самых куліс, у трэцім ці чацвёртым радзе. Мехаў.

2. Сукупнасць з’яў, падзей і пад., якія ідуць адно за другім. Рад гадоў. // У матэматыцы — сукупнасць велічынь, размешчаных у пэўнай паслядоўнасці. Бесканечны рад. Геаметрычны рад. Натуральны рад лікаў. // У хіміі — сукупнасць злучэнняў, кожнае з якіх знаходзіцца ў пэўных адносінах да папярэдняга і наступнага. Радыеактыўны рад. Рад урана.

3. (часта ў спалучэнні са словам «цэлы»). Пэўная, звычайна немалая колькасць чаго‑н.; шэраг. Рад пытанняў. Рад экспедыцый. ▪ Удзельнікі семінара праслухалі рад лекцый па пытаннях эканомікі. «Звязда». З гэтымі дзвюма задачамі звязваецца цэлы рад другіх задач... Колас.

4. толькі мн. (рады, ‑оў). Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, якой‑н. арганізацыяй; састаў. Служба ў радах Савецкай Арміі. ▪ Камсамольскі сход атрада прыняў Наташу Янкевіч у рады ленінскага камсамола. Шамякін. У рады народных мсціўцаў атрада ніхто з Рагачова не прайшоў без парады ці ведама Марусі. Брыль.

5. Размешчаныя ў адну лінію на рынку ларкі або прылаўкі для продажу якіх‑н. аднародных тавараў. Малочны рад. ▪ Каля крамнага рада .. [Рыгора] зацікавіла грамадка людзей. Гартны. У мясным радзе на круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // толькі мн. (рады, ‑оў). Месца рознічнага гандлю ў крытых памяшканнях, размешчаных лініямі; самі гэтыя памяшканні. Гандлёвыя рады.

6. Прабор у валасах. Прамы рад. ▪ Праз акно з канторы паказала галаву з расчэсанымі на рад валасамі Шура. Пташнікаў.

7. Абл. Пракос. Варочаць рады сена. ▪ [Каса] смачна, нават з нейкім сыканнем, .. валіла роўны і прыгожы рад. Сабаленка.

•••

Гады ў рады гл. год.

У першых радах — уперадзе ўсіх, першым.

рад 2,

гл. рады.

рад 3, ‑а, М ‑дзе, м.

Адзінка паглынутай энергіі радыеактыўнага выпраменьвання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)