Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раёк 1, райка́, м.

1. Скрынка з павелічальным шклом для разглядвання малюнкаў, а таксама паказ такіх малюнкаў на кірмашах XVIII–XIX стст., які суправаджаўся жартоўнымі тлумачэннямі.

2. Уст. Лялечны тэатр.

3. Уст. Верхні ярус глядзельнай залы ў тэатры.

раёк 2, райка́, м.

1. Памянш.-ласк. да рой. Саўка ўжо тады прыкінуў: раёк нішто сабе.. Свае пчолы, свой мёд... Сачанка.

2. Ячэйка ў вуллі для вывядзення пчалінай маткі.

раёк 3, райка́, м.

Абл. Радужная абалонка вока. Але самыя дзіўныя былі [Раўбічавы] вочы: халодныя, карыя, з такімі пашыранымі зрэнкамі, што райка, здаецца, зусім не было. Караткевіч.

раён, ‑а, м.

1. Частка тэрыторыі, якая складае адзінае цэлае ў якіх-небудзь (эканамічных, геаграфічных і пад.) адносінах. Прамысловы раён. Раёны крайняй Поўначы. // Частка населенага пункта, вызначаная паводле якіх‑н. прыкмет. Рабочы раён. Жылы раён. Заводскі раён.

2. Месца, прастора, у межах якіх адбываецца якое‑н. дзеянне або на якое распаўсюджваецца дзеянне чаго‑н. Раён абследавання. Раён затаплення. Раён дзеяння партызанскай брыгады. // чаго. Месца, якое прылягае да чаго‑н., размешчанае вакол чаго‑н. Жыць у раёне вакзала. □ Вялікую перспектыву для беларускай хімічнай прамысловасці адкрываюць буйныя запасы нафты ў раёне Рэчыцы. «Звязда».

3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР у складзе вобласці, краю, рэспублікі, аўтаномнай вобласці, аўтаномнай акругі або ўнутры вялікага горада. Эльбрускі раён Кабардзіна-Балкарскай АССР. Фрунзенскі раён горада Мінска. □ Бумажковы абсталяваліся жыць у Дрыбінскім раёне, у вёсцы Куляшова, Чарняўскага сельсавета. Чорны. // Разм. Адміністрацыйны цэнтр, галоўныя ўстановы такой адзінкі дзяржаўнай тэрыторыі. [Старшыня:] — Я сёння ў раён падскочу з Авяр’янам. Райком выклікае. Пасяўная падыходзіць. Пташнікаў. [Апанаса] паслалі ў раён на курсы механікаў і трактарыстаў. Кавалёў. // Разм. Пра сельскую мясцовасць. Працаваць на раёне. □ За трыма суседнімі столікамі сядзелі мужчыны і хлопцы, вопратка якіх сведчыла, што яны з раёна, з вёскі. Навуменка.

[Фр. rayon.]

раёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Раённая газета. — Ты, Пятро Мінавіч, нібы газет не чытаеш, — перапыніў яго на гэты раз Савіцкі. — Толькі ж учора ў раёнцы быў змешчаны зварот калгаснікаў «Змагара». Шамякін.

раённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раёна (у 3 знач.), належыць яму. Раённы цэнтр. Раённая газета. □ Хвалюецца і нават злуецца начальнік раённай міліцыі Сушко. Колас. Днямі меўся адбыцца раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Асіпенка.

раёўня, ‑і; Р мн. раёвень; ж.

Абцягнутая тканінай лубянка, у якую збіраюць пчаліны рой для перасадкі ў новы вулей. [Бацька] узяў дымар, раёўню і хутка пайшоў, крыху прыпадаючы на левую нагу. Кулакоўскі.