раён, ‑а, м.
1. Частка тэрыторыі, якая складае адзінае цэлае ў якіх-небудзь (эканамічных, геаграфічных і пад.) адносінах. Прамысловы раён. Раёны крайняй Поўначы. // Частка населенага пункта, вызначаная паводле якіх‑н. прыкмет. Рабочы раён. Жылы раён. Заводскі раён.
2. Месца, прастора, у межах якіх адбываецца якое‑н. дзеянне або на якое распаўсюджваецца дзеянне чаго‑н. Раён абследавання. Раён затаплення. Раён дзеяння партызанскай брыгады. // чаго. Месца, якое прылягае да чаго‑н., размешчанае вакол чаго‑н. Жыць у раёне вакзала. □ Вялікую перспектыву для беларускай хімічнай прамысловасці адкрываюць буйныя запасы нафты ў раёне Рэчыцы. «Звязда».
3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР у складзе вобласці, краю, рэспублікі, аўтаномнай вобласці, аўтаномнай акругі або ўнутры вялікага горада. Эльбрускі раён Кабардзіна-Балкарскай АССР. Фрунзенскі раён горада Мінска. □ Бумажковы абсталяваліся жыць у Дрыбінскім раёне, у вёсцы Куляшова, Чарняўскага сельсавета. Чорны. // Разм. Адміністрацыйны цэнтр, галоўныя ўстановы такой адзінкі дзяржаўнай тэрыторыі. [Старшыня:] — Я сёння ў раён падскочу з Авяр’янам. Райком выклікае. Пасяўная падыходзіць. Пташнікаў. [Апанаса] паслалі ў раён на курсы механікаў і трактарыстаў. Кавалёў. // Разм. Пра сельскую мясцовасць. Працаваць на раёне. □ За трыма суседнімі столікамі сядзелі мужчыны і хлопцы, вопратка якіх сведчыла, што яны з раёна, з вёскі. Навуменка.
[Фр. rayon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)