Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маўрыта́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Маўрытаніі, маўраў.

маўча́льнік, ‑а, м.

Разм. Пра таго, хто любіць маўчаць, не любіць гаварыць. [Лучыніна:] Нашто мой бацька маўчальнік, але і ён загаварыў, што Бондар і клапатлівы гаспадар, і добры чалавек... Гурскі.

маўча́льніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да маўчальнік.

маўча́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Маўчанне. Маўчалі пакуль і сыны, але ў маўчанцы гэтай яшчэ больш распальваўся паміж імі нядобры агонь. Галавач.

•••

Гуляць у маўчанку гл. гуляць.

маўча́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. маўчаць.

маўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Нічога не гаварыць, не падаваць голасу. Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Лынькоў. Косцік і Шурка ласа елі .. і маўчалі, быццам гутарка іх не датычыла. Брыль. // перан. Не парушаць цішыні, спакою якімі‑н. гукамі. Гарадок прытоена маўчаў. Ні пражэктара, ні стрэлу. Лынькоў. У адным з вагонаў рыпнуў гармонік. Зараз жа да вагона падбег нейкі старшы і загадаў маўчаць. Чорны. Спіць і лес ва ўсім адзенні І маўчаць лугі, дубровы. Колас. // перан. Не дзейнічаць, не працаваць. Матор маўчаў, піла цыркуляркі не круцілася. Гамолка. Бягуць к тэлефону — дарма. Маўчыць тэлефон. Колас.

2. Захоўваць што‑н. у таямніцы, не расказваць аб чым‑н. Кравец рабіў так, як і сказаў яму Несцяровіч, — маўчаў. Чорны. Аб гэтай справе лепш маўчаць, каб не станавіцца ў нязручную і смешную позу. Лынькоў.

3. перан. Не даваць знаць пра сябе; не праяўляцца. [Вера:] Трэба знайсці вінаватага. [Чарнавус:] А ён, падлюга, хітры, — маўчыць і не адгукаецца. Крапіва. // Не пісаць пісем, не адказваць на пісьмы. [Нахлябіч] яшчэ раз пісаў, а .. [сын] усё маўчаў. Чорны.

4. Не выказваць адкрыта сваіх думак, намераў. Нельга маўчаць аб недахопах. □ Пятроў схамянуўся: яму раптам здалося, што далей ён можа як-небудзь зрабіць намёк на тое, аб чым лепш маўчаць. Брыль. // перан. Зносіць што‑н., не скардзячыся, не пратэстуючы. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» Колас.

•••

Пра гэта гісторыя маўчыць гл. гісторыя.

маўчко́м, прысл.

Нічога не кажучы, захоўваючы маўчанне; моўчкі. [Маці] ўжо некалькі разоў .. выходзіла маўчком на двор. Колас.

маўчо́к, ‑чка, м.

1. Маўчанне. А дубровы ні слова, Ні паўслова — маўчок. Бялевіч.

2. у знач. вык. Разм. Ні слова, ні гуку (не гаварыць). — Ты, Міхась, толькі — маўчок пра Валю, — сказаў Тарас, прыклаўшы палец да губ. Якімовіч.

маўчу́н, ‑а, м.

Разм. Маўклівы, негаваркі чалавек. Цярэшка быў проста маўчун і не любіў залішне гаварыць там, дзе і без таго ўсё было ясна. Быкаў.