маўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Нічога не гаварыць, не падаваць голасу. Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Лынькоў. Косцік і Шурка ласа елі .. і маўчалі, быццам гутарка іх не датычыла. Брыль. // перан. Не парушаць цішыні, спакою якімі‑н. гукамі. Гарадок прытоена маўчаў. Ні пражэктара, ні стрэлу. Лынькоў. У адным з вагонаў рыпнуў гармонік. Зараз жа да вагона падбег нейкі старшы і загадаў маўчаць. Чорны. Спіць і лес ва ўсім адзенні І маўчаць лугі, дубровы. Колас. // перан. Не дзейнічаць, не працаваць. Матор маўчаў, піла цыркуляркі не круцілася. Гамолка. Бягуць к тэлефону — дарма. Маўчыць тэлефон. Колас.
2. Захоўваць што‑н. у таямніцы, не расказваць аб чым‑н. Кравец рабіў так, як і сказаў яму Несцяровіч, — маўчаў. Чорны. Аб гэтай справе лепш маўчаць, каб не станавіцца ў нязручную і смешную позу. Лынькоў.
3. перан. Не даваць знаць пра сябе; не праяўляцца. [Вера:] Трэба знайсці вінаватага. [Чарнавус:] А ён, падлюга, хітры, — маўчыць і не адгукаецца. Крапіва. // Не пісаць пісем, не адказваць на пісьмы. [Нахлябіч] яшчэ раз пісаў, а .. [сын] усё маўчаў. Чорны.
4. Не выказваць адкрыта сваіх думак, намераў. Нельга маўчаць аб недахопах. □ Пятроў схамянуўся: яму раптам здалося, што далей ён можа як-небудзь зрабіць намёк на тое, аб чым лепш маўчаць. Брыль. // перан. Зносіць што‑н., не скардзячыся, не пратэстуючы. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» Колас.
•••
Пра гэта гісторыя маўчыць гл. гісторыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)