Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́шніца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Дастатак; лішак. Не звыклыя да лішніцы і празмернага клопату, больш за ўсё .. [дзеці] прагнулі толькі ласкі. Васілевіч. Жыццё .. крыху наладзілася, але ў гаспадарцы лішніцы не было. Пянкрат.

2. Большае чым патрэбна, чым можна. Ёй [Марыйцы] можна сёння лішніцу паспаць, — Такі ў яе дзянёк ужо сягоння. Дзяргай.

лі́штва, ‑ы, ж.

1. Накладная, звычайна фігурная планка вакол дзвярнога ці аконнага праёма. Дом быў невялікі, .. з блакітнымі аканіцамі, з узорыстымі ліштвамі і прыгожым вільчаком. Шахавец.

2. Металічная накладная пласцінка з шчылінай для ключа на дзвярах, шуфлядах і пад.

3. Разм. Тое, што і плінтус.

4. Падгорнутая або нашытая палоска матэрыі для аддзелкі, падрубкі. Акаловіч .. пачаў абмацваць .. ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. Чорны.

лішэ́нец, ‑нца, м.

Разм. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 г. — чалавек, пазбаўлены выбарчых і іншых грамадзянскіх правоў у сувязі з прыналежнасцю да эксплуататарскага класа.

лішэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Жан. да лішэнец.