Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

архалу́к, ‑а, м.

Адзенне, якое выйшла з ужытку, род кароткага кафтана, пашытага з каляровай шарсцяной або шаўковай тканіны са зборкай у таліі.

арха́нгел, ‑а, м.

У хрысціянскай рэлігіі — анёл вышэйшага рангу. Можна, скажам, давесці, што Пятрусь Маргун падобен з твару да архангела Міхаіла, што я — не я і хата не мая. Колас.

[Ад грэч. archē — пачатак, улада і aggelos — анёл.]

арха́нгельскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да архангела.

арха́р, ‑а, м.

Дзікі горны баран, які водзіцца ў гарах Цэнтральнай Азіі.

арха́равец, ‑раўца, м.

Разм. лаянк. Буян, свавольнік; абадранец, валацуга.

[Ад уласнага імя маскоўскага обер-паліцмайстра і губернатара ў канцы 18 ст. Архарава.]

археаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне, да археаграфіі. Археаграфічная камісія.

археагра́фія, ‑і, ж.

Гістарычная навука, якая займаецца збіраннем, апісаннем і распрацоўкай метадаў публікацыі пісьмовых помнікаў мінулага і падрыхтоўкай іх да выдання.

[Ад грэч. archaios — старажытны і grapho — пішу.]

археалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да археалогіі. Археалагічныя раскопкі. Археалагічная экспедыцыя.

археало́гія, ‑і, ж.

Гістарычная навука, якая вывучае быт і культуру старажытных народаў па матэрыяльных помніках, што дайшлі да нас.

[Грэч. archaiologia — апавяданне пра даўніну.]

архе́йскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: архейская эра гл. эра.

[Ад грэч. archaios — старажытны.]