Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арганізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

1. Заснаваць што‑н. такое, што мае грамадскі характар. Арганізаваць краязнаўчы гурток.

2. Падрыхтаваць, упарадкаваць; наладзіць. Арганізаваць сацыялістычнае спаборніцтва. Арганізаваць работу інструктарскіх груп. Арганізаваць сустрэчу. Арганізаваць будаўніцтва дарог. Арганізаваць серыйны выпуск машын. // перан. Разм. Дастаць, здабыць або падрыхтаваць што‑н. для каго‑н. — Ды вось ніяк не збяруся, каб запрасіць вас, — вінавата сказаў Андрэй. — Добра, што напомнілі. Арганізуем такую справу. Шахавец.

3. Аб’яднаць, згуртаваць для якой‑н. мэты; ахапіць якой‑н. арганізацыяй. Арганізаваць сялянства ў калгасы. □ [Кастусь] нават кулямёт меў і арганізаваў атрад. Чорны.

4. Унесці ў што‑н. пэўны парадак, планамернасць; упарадкаваць. Арганізаваць свой рабочы час. Арганізаваць падрыхтоўку вучняў да экзаменаў. Арганізаваць увагу дзяцей.

арганіза́тар, ‑а, м.

Той, хто арганізуе што‑н., з’яўляецца ініцыятарам чаго‑н. Арганізатар вытворчасці. Арганізатар рэвалюцыйных мае. □ Газета — не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар. Ленін. Сюды, у глыбокі варожы тыл, дайшоў .. голас Камуністычнай партыі — кіраўніка і арганізатара партызанскай барацьбы. Брыль. Бумажкоў, галоўны арганізатар атрада, быў і яго камандзірам. Чорны. // Той, хто валодае здольнасцямі да арганізацыйнай работы. — Які ж з мяне вучоны? — Мілоўскі махнуў рукой. — Як арганізатар, кажуць, што я нядрэнны, а да вучонага мне яшчэ далёка. Галавач.

арганіза́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да арганізатара. Арганізатарскі талент. Арганізатарскія здольнасці. // Накіраваны на арганізацыю чаго‑н. Арганізатарская дзейнасць. □ Мы павінны паставіць справу так, каб праверка выканання арганічна спалучалася з жывой арганізатарскай работай. Машэраў.

арганізацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арганізацыі (у 1 знач.). Арганізацыйны камітэт. Арганізацыйная работа. Арганізацыйны вопыт. Ідэйнае і арганізацыйнае згуртаванне партыі, Арганізацыйны канфлікт. Арганізацыйныя формы.

арганіза́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. арганізаваць, арганізавацца.

2. Аб’яднанне, саюз людзей, грамадскіх груп, дзяржаў, з’яднаных агульнай праграмай дзеяння; дзяржаўная, партыйная ці грамадская ўстанова. Нізавая партыйная арганізацыя. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Спартыўная арганізацыя. Будаўнічая арганізацыя.

3. Будова чаго‑н., лад. Сацыялістычная арганізацыя сельскай гаспадаркі. Саветы — сацыялістычная форма палітычнай арганізацыі.

4. Фізічная ці псіхафізічная будова асобнага арганізма.

[Фр. organisation.]

аргані́зм, ‑а, м.

1. Усякая жывая істота, расліна. Прасцейшыя арганізмы. Жывёльны арганізм. Раслінны арганізм.

2. Сукупнасць фізічных і душэўных якасцей якога‑н. чалавека. Толькі моцны, загартаваны арганізм мог вытрымаць такія жорсткія выпрабаванні. Паслядовіч.

3. перан. Тое, што нагадвае сабой складанае арганізаванае адзінства. Грамадскі арганізм. Партыйны арганізм. Тэатр нагадвае сабой грандыёзны мастацкі арганізм. □ Моладзь вучылася ў дарослых, а гімназія нагадвала маладую клетачку ў складаным арганізме рэвалюцыйна-вызваленчага руху. У. Калеснік. Магутных артэрыяў свежую кроў Па ўсім арганізме краіны Няспынна нясе цягніковы строй Скрозь буры, завеі і стыні! Лявонны.

[Лац. organismus.]

арганізо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да арганізавацца.

2. Зал. да арганізоўваць.

арганізо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да арганізаваць.

арганізу́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які выконвае функцыю арганізатара. Арганізуючая роля партыі.

арга́нік, ‑а, м.

Разм. Спецыяліст у галіне арганічнай хіміі.