куля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.
Валіць набок; пераварочваць, перакульваць. Лодку падкідвала, куляла з боку на бок, ставіла старчма, залівала вадой, але яна зноў і зноў усплывала на паверхню. Дуброўскі.
•••
Куляць чарку — выпіваць.
кум, ‑а, м.
Хросны бацька ў адносінах да бацькоў хросніка і да хроснай маці. Кумы панеслі да папа хрысціць. Чакаючы, пакуль прынясуць чалавека з новым імем, сталі людзі гаварыць аб усім свеце. Каваль.
•••
Кум каралю (іран.) — пра вольнага, ні ад каго не залежнага чалавека.
кума́, ‑ы, ж.
Хросная маці ў адносінах да бацькоў хросніка і да хроснага бацькі. За бабу была Аўдоцця, а за куму Настулька. Крапіва.
кумары́н, ‑у, м.
Пахучае рэчыва баркуну і некаторых траў (скарыстоўваецца ў парфумерыі, у харчовай прамысловасці і інш.).
[Фр. coumarine.]
кумаўскі́, ‑ая, ‑ое.
Разм. Заснаваны на кумаўстве, сяброўскіх адносінах. Кумаўскія адносіны.
кумаўство́, ‑а, н.
Разм.
1. Сяброўскія адносіны паміж кумамі.
2. перан. Паблажлівасць у службовых справах сябрам або сваякам.
кума́ч, ‑у, м.
Баваўняная тканіна ярка-чырвонага колеру.
[Араб. kumāš.]
кумачо́вы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены, пашыты з кумачу. Кумачовае палотнішча. Кумачовая кашуля.
кумга́н, ‑а, м.
У цюркскіх народаў і каўказскіх горцаў — высокі збан з носікам.
[Цюрк. кумган.]
куме́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Разважаць, абдумваць. Тут Рэвека Стала думаць і кумекаць, Як сляпога ашукаць. Крапіва. // што. Разумець што‑н., разбірацца ў чым‑н. Не зусім добра кумекаў Бэрка надрукаванае ў лістоўках, затое добра разумеў гутаркі Шолама. Бядуля.