мармыта́ць, ‑мычу, ‑мычаш, ‑мыча; незак.
Гаварыць ціха і невыразна; бубніць. Чалавек стаяў, прыпёршыся да варот, цяжка варушыўся і мармытаў сабе нешта пад нос. Зарэцкі. Платон нешта мармыча, пераварочваецца на другі бок і засынае зноў. Пестрак. Гартаю тоўсты сшытак у клетку.. Там сапраўды вершы.. — Ану, не мармычы, чытай уголас! — падганяюць хлопцы. Карпюк.
мармытну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да мармытаць.
мармыту́н, ‑а, м.
Разм. Той, хто часта мармыча. З дабрадушнага мармытуна.. пан Ясь рабіўся захопленым расказчыкам пра слаўныя справы. Брыль.
мармыту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.
Жан. да мармытун.
мармы́ш, ‑а, м.
Невялікі вадзяны рачок. На мармыша добра ловіцца акунь.
мармы́шка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑шак; ж.
Адлітая са свінцу штучная прынада для лоўлі рыбы; разнавіднасць блясны.
ма́рна,
1. Прысл. да прым. марны (у 1 знач.).
2. у знач. вык. Дарэмна, упустую. Колькі разоў Ларывончык рабіў спробу звязацца з іншымі партызанскімі атрадамі, але ўсё марна. Сабаленка.
марнава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. марнаваць.
марнава́цца, ‑нуецца; незак.
1. Траціцца без карысці, прападаць, не ісці на карысць. Марнуюцца сілы. □ Аляксей пагушкаў лямпу на выцягнутай далоні і ўсміхнуўся: — Неашчадна! Гэта ж кілаграмы тры каляровага металу марнуецца. Б. Стральцоў.
2. Тое, што і мардавацца (у 2 знач.). — Ну, Андрушка, пускай дзяцей ды паедзем у Пінск. Годзе табе ўжо марнавацца тут. Колас. — У вёсцы дабра [Рыгор] не бачыў, а цяпер у турме марнуецца. Бажко.
3. Зал. да марнаваць.
марнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. што. Траціць без карысці, марнатравіць. Марнаваць грошы. Марнаваць час. □ Я не для бас, паны, о не, Свае дні лепшыя марную, — У вечнай з мукамі вайне Жыву і радасці не чую. Купала.
2. каго. Мучыць, стамляць. [Антаніна:] — Дакуль гэта, дзеўка, ты будзеш сябе марнаваць? Не ў адной цябе такое няшчасце. Васілевіч. Я цэлымі днямі не выходзіў з Мальвінінага пакойчыка і ўсё паўтараў, што так марнаваць сябе не трэба. Сачанка. Сапраўды, Міхал не любіў пераліваць з пустога ў парожняе, не любіў марнаваць людзей бясконцымі прамовамі. Васілевіч.