Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́рктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж. (з вялікай літары).

Паўночная палярная вобласць зямнога шара.

[Ад грэч. arktikos — паўночны.]

аркты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да Арктыкі. Арктычныя моры. Арктычныя льды.

а́ркуш, ‑а, м.

Стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і пад. Аркуш ватмана, кардону. □ Пракоп раздаў аркушы паперы ў косую лінейку, агрызак хімічнага алоўка. Грахоўскі. Ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры. Лупсякоў. [Собіч] браў то адны карткі, то другія, запісваў на аркушах паперы лічбы, паціскаў плячыма, дзівіўся. Скрыган. Аўгіння пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць. Бядуля.

•••

Аўтарскі аркуш — адзінка вымярэння аб’ёму літаратурнага твора, роўная 40 000 друкарскіх знакаў.

Друкаваны аркуш — шаснаццаць старонак друкаванага тэксту як адзінка вымярэння аб’ёму кнігі.

[Польск. arkusz з лац. arcus— дуга.]

а́ркушны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд аркуша (пра паперу).

арла́н, ‑а, м.

Буйная драпежная птушка, якая жыве каля водных прастораў і корміцца пераважна рыбай; марскі арол.

арлекі́н, ‑а, м.

Традыцыйны персанаж італьянскай «камедыі масак», слуга-блазан у касцюме з рознакаляровых шматкоў і ў чорнай паўмасцы, надораны дасціпнасцю і ўменнем спрытна выходзіць са складанага становішча.

[Іт. arlecchino.]

арлекіна́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Тэатральная п’еса, у якой галоўную ролю выконвае арлекін.

арлекі́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да арлекіна. Арлекінскі касцюм.

арле́ц, арляцу, м.

Распаўсюджаная размоўная назва раданіту.

арлі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да арла. Арліная дзюба. Арліны ўзмах крылаў. Арліны клёкат.

2. перан. Горды, смелы, праніклівы (пра погляд, вочы). Сыны зямлі арліным зрокам У цьме спрадвечнае смугі Знайшлі другія берагі, Каб волю даць людскім патокам. Колас.

•••

Арлінае племя гл. племя.

Арліны нос гл. нос.