Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сілуэ́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сілуэта (у 1, 2 знач.); з’яўляецца сілуэтам. Сілуэтнае мастацтва. □ Яны стаялі побач перад апушчаным акном, глядзелі па зорнае неба, на сілуэтнае мільганне тэлеграфных слупоў і то маўчалі, то зноў гаварылі. Брыль.

2. У архітэктуры, скульптуры і пад. — контурны. Старажытныя храмы ў спалучэнні з маляўнічымі руінамі замка ствараюць своеасаблівую сілуэтную кампазіцыю Навагрудка. «Помнікі».

сілуэты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Мастак — спецыяліст у галіне сілуэтнага мастацтва.

сілуэты́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да сілуэтыст.

сільві́н, ‑у, м.

Празрысты мінерал, падобны да каменнай солі, горка-салёны на смак; хлорысты калій.

[Фр. sylvine.]

сільвіні́т, ‑у, М ‑ніце, м.

1. Асадкавая горная парода, у склад якой уваходзяць сільвін, каменная соль і іншыя дамешкі. Скарбы мора збірала вякамі, Шліфавала яго, як граніт, — Цудадзейны гарачы камень, Соль жыцця, соль зямлі — сільвініт. Хведаровіч. Адшукалі ў глыбіні.. нафту, соль і сільвініты. Дубоўка.

2. Калійнае ўгнаенне, вырабленае з гэтай пароды. Да гэтага часу.. вазілі ў калгасы сільвініт — не зусім чыстую падкормку для пасеваў. Кулакоўскі.

сільвіні́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сільвініту; які ўтрымлівае ў сабе сільвініт. Сільвінітавы пласт.

сільф, ‑а, м.

У кельцкай і германскай міфалогіі — лёгкая рухавая істота, увасабленне стыхіі паветра.

[Фр. sylphe ад грэч. silphē — моль, матылёк.]

сільфі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Жан. да сільф.

2. Сільфі́ды, ‑фі́д. Сямейства атрада жукоў, якія харчуюцца трупамі жывёл.

сіля́ўка, ‑і, ДМ ‑ляўцы; Р мн. ‑лявак; ж.

Абл. Верхаводка ​3. Там хоць рыба як рыба, а тут што? Адны сіляўкі, ды і тых гусі ганяюць, ніяк не зловіш. Ваданосаў.

сімазі́н, ‑у, м.

Разнавіднасць гербіцыдаў, прэпарат для знішчэння пустазелля ў садах, на кукурузных палях і інш.