машы́на, ‑ы, ж.
1. Сукупнасць механізмаў, прызначаная для пераўтварэння энергіі, выканання пэўнай карыснай работы, збору, захоўвання і выкарыстання інфармацыі. Швейная машына. Сельскагаспадарчыя машыны. Вылічальная машына. // перан. Пра чалавека, які дзейнічае машынальна, бяздумна, як аўтамат. // перан. Аб чым‑н. складаным, што дзейнічае падобна механізму бесперабойна і дакладна; сістэма. Беларуская Савецкая Рэспубліка першай прыняла на сябе ўдар пачварнай ваеннай машыны гітлерызму. Клімковіч.
2. Транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух пры дапамозе якога‑н. рухавіка. Да свірна пад’ехала машына, на яе пачалі грузіць мяхі. Шахавец. // Уст. Поезд, цягнік. Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка. Туман на возера лёг нізка, Вада шумела каля млына, Свістала голасна машына. Колас.
•••
Як заведзеная машына — а) рытмічна, аднастайна, бесперапынна; б) механічна, не думаючы (рабіць што‑н.).
[Фр. machine ад лац. machina.]
машына...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «машына», напрыклад: машыназнаўства, машынабудаванне.
машынабудава́нне, ‑я, н.
Галіна прамысловасці, якая выпускае машыны.
машынабудаўні́к, ‑а, м.
Спецыяліст па машынабудаванню.
машынабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да машынабудавання. Машынабудаўнічы завод. Машынабудаўнічы інстытут. Машынабудаўнічая прамысловасць.
машыназна́вец, ‑наўца, м.
Спецыяліст у галіне машыназнаўства.
машыназна́ўства, ‑а, н.
Навука, якая ўключае апісанне і тэорыю машын і механізмаў, тэорыю канструявання і разліку на трываласць, а таксама тэхналогію машынабудавання.
машыналічы́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лічыльных машын, прызначаны для іх; які выконвае механізаваную апрацоўку рознай інфармацыі. Машыналічыльная станцыя.
машына́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць машынальнага.
машына́льны, ‑ая, ‑ае.
Міжвольны, аўтаматычны. Машынальны рух.